Жонка гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына Вольга паведаміла, што палітвязню з пачатку верасня не прыносяць ніводнай газеты ці часопіса, на якія ён мусіў быць падпісаны.

Згодна са зменамі, якія набылі моц у снежні мінулага году, вязні цяпер самі выпісваюць сабе перыядычныя выданні, рыхтуючы адпаведную заяву на імя кіраўніцтва ўстановаў, у якіх яны ўтрымліваюцца, са спісам выключна беларускіх газетаў і часопісаў і згодай на спісанне сродкаў са свайго рахунка.

Гэта, паводле Вольгі Івашынай, і зрабіў Дзяніс. Аднак ніякіх публіцыстычных выданняў ён не атрымаў за ўвесь месяц. З гэтай прычыны Івашын звярнуўся да супрацоўнікаў гарадзенскай турмы, якія ў адказ патлумачылі яму, што аформілі падпіску для яго чамусці толькі з кастрычніка, парушыўшы яго права на атрыманне інфармацыі. Пры гэтым ніякіх пацвярджальных квіткоў Івашыну не прадставілі. А праверыць стан уласнага рахунка: колькі, калі і ад каго сродкаў яму прыйшло і на што было выдаткавана, Дзяніс чамусці таксама не можа, такой інфармацыі вязням гарадзенскай турмы нібы не прадстаўляюць.

Сваякі журналіста наогул дапускаюць, што ў такіх цмяных умовах можна лёгка арганізаваць нейкую махлярскую схему ці банальна абкрадаць вязняў, і таму плануюць звярнуцца з адпаведнай заявай да праваахоўнікаў.