
Адзін з самых вядомых беларускіх дысідэнтаў Міхаіл Кукабака, які пражывае ў Расеі і толькі час ад часу наведвае Беларусь, перадаў віншаванні Алесю Бяляцкаму, лёсам якога цікавіцца доўгія гады
Кукабака зычыць Алесю «заставацца сабой і верыць у сваю справу».
Былы палітзняволены Міхаіл Кукабака ў савецкіх турмах, працоўных лагерах і псіхіятрычных шпіталях прабыў 17 гадоў. Ён неаднаразова сустракаўся з беларускім праваабаронцам, які лічыць Кукабаку – узорам мужнасці і стойкасці ў адстойванні ідэалаў.
Міхаіл Кукабака нарадзіўся і рос у Бабруйску, пяць гадоў выхоўваўся ў дзіцячым доме і, 16-гадовым выпускніком рамеснага вучылішча, быў пасланы ў Сібір на «будоўлю камунізму». Пасля войска, а служыў у Забайкаллі і на Далёкім Усходзе, жыццё закідвала яго ў розныя рэгіёны Савецкага Саюза – Узбекістан, Казахстан, Украіну, Расію. Упершыню быў арыштаваны, калі пражываў ва Уладзімірскай вобласці, пад Масквой, у 1970 годзе.