
Сваякі журналіста Дзяніса Івашына паведамілі праваабаронцам, што палітвязень разам з адвакатам склаў і накіраваў паводле працэдуры апеляцыйную скаргу ў Вярхоўны суд на “прысуд”, які быў абвешчаны 14 верасня “суддзём” Гарадзенскага абласнога “суда” Валерыем Раманоўскім.
Ані Івашын, ані ягоныя сваякі не спадзяюцца на справядлівы перагляд крымінальнай справы ці якую-небудзь змену прызначанага пакараньня. Аднак яны спрабуюць такім чынам адцягнуць момант набыцця так бы мовіць юрыдычнай моцы “прысуду” і накіравання палітвязня ў калонію.
Нагадаем, што гарадзенца засудзілі да пазбаўлення волі на 13 гадоў і 1 месяц узмоцненага рэжыму адбыцця пакарання з штрафам на 150 базавых велічынь (4800 руб.), а таксама да выплаты па 2000 рублёў кампенсацыі за “маральныя пакуты” 9 невядомых асобаў, якія падалі заявы на журналіста, што і сталася нагодай для яго затрымання і далейшага палітычнага пераследу.