
Жонка гарадзенскага журналіста, грамадскага дзеяча Паўла Мажэйкі Ірына Чарняўка атрымала ад яго першы ліст са зняволення.
Павел Мажэйка, які зараз у СІЗА гарадзенскай турмы, перадае ўсім наступнае пасланне: „Дарагія мае! Просьба да ўсіх дарослых: адпусціце гэтую сітуацыю, не нагнятайце, не думайце пра яе шмат, іначай яна з’есць вас знутры. Жыццё ідзе далей, пражывайце яго так, каб было што мне расказаць, калі сустрэнемся”.

Напомнім, што кіраўніка гарадзенскага «Цэнтру гарадскога жыцця», журналіста Паўла Мажэйку затрымалі 31 жніўня. Праз нейкі час яго перавялі ў СІЗА. Перавод у СІЗА азначае, што яму прад’яўлена абвінавачанне і выбрана мера стрымання — зьмяшчэнне ў следчы ізалятар. Паводле якога артыкула (ці артыкулаў) прад’яўлена абвінавачванне – дагэтуль невядома.
Праваабаронцы прызналі Паўла Мажэйку палітзняволеным.