Беларускі пісьменнік, рэжысёр, актор, тэатральны дзеяч, мастак Уладзіслаў Галубок нарадзіўся 15 траўня 1882 года на станцыі Лясная (Баранавіцкі раён). Паходзіў з сям’і чыгуначніка. Дзед Галубка Тамаш Голуб браў удзел у паўстанні 1863 года. У сям’і было шасцёра дзяцей, якія рана асірацелі, бо бацьку забіў невядомы. Адукацыю Уладзіслаў атрымаў у царкоўнапрыходскай школе, здаў экстэрнам экзамены за курс Менскай гарадской вучэльні (1906 г.), скончыў у Менску мастацкія курсы. Юнацтва Уладзіслава Галубка было насычана вельмі разнастайнай дзейнасцю і шматлікімі захапленнямі: ён граў у аркестры добраахвотнага пажарнага таварыства на барытоне і трамбоне, вучыўся на гармоніку, браў урокі жывапісу ў вядомых мінскіх мастакоў. Працаваў грузчыкам на чыгунцы, прыказчыкам у краме, слясаром у Менскім дэпо. З дзіцячых гадоў імкнуўся да ведаў, культуры.

У 1917-20 гадах Галубок – актор і рэжысёр Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Летам 1920 года ўзначаліў Драматычную секцыю культурна-асветніцкай арганізацыі «Папараць-кветка» ў Слуцку. З 1920 да 1922 года – загадчык мастацкага аддзела ў Народным камісарыяце асветы БССР. Адзін з заснавальнікаў беларускага савецкага тэатра. У 1920 годзе стварыў беларускі вандроўны тэатр, які называўся «Трупа Галубка». Вандроўны тэатр пабываў са сваімі спектаклямі ў самых розных кутках Беларусі. Галубок адначасна выконваў абавязкі мастака-дэкаратара, музыканта-выканаўцы і рэжысёра. Аснову рэпэртуару складалі яго п’есы «Пан Сурынта», «Ганка», «Плытагоны», «Пінская Мадонна», «Васіль Хмель», у якіх раскрываецца барацьба беларускага народа за права «людзьмі звацца». Тэатр Галубка карыстаўся выключнай папулярнасцю ў гледачоў.

У 1906 годзе Уладзіслаў Галубок пачаў выступаць у перыядычным друку як паэт і празаік. Выдаў зборнік «Апавяданні» (Пецярбург, 1913 г.). З 1917 года выступаў як драматург. У 1968 г. выйшаў зборнік «П’есы», у 1982 г. – «Творы». Аўтар публіцыстычных і тэатразнаўчых артыкулаў. Вядомы як мастак-дэкаратар і пэйзажыст. Першы Народны артыст БССР (1928 г.). 16 чэрвеня 1923 году ў Серабранскім клубе адбыўся бенефіс кіраўніка трупы Уладзіслава Галубка – была пастаўленая ягоная п’еса, драма ў пяці актах «Блуд». Сюжэт пераносіў гледача ў пачатак XIX стагоддзя: пан-прыгнятальнік гвалтуе сваіх прыгонных сялянак. Процістаіць пану селянін-паўстанец, рэвалюцыянер-самародак, які ў выніку карае нелюдзя за ўсе злачынствы. Галубка віталі артысты трупы і студэнты Сельскагаспадарчага інстытута. 3 1926 года калектыву Галубка была афіцыйна нададзеная назва «Беларускі дзяржаўны вандроўны тэатр». Адна са шматлікіх заслуг яго ў тым, што на пачатку 1920-ых гадоў менавіта гэтыя акторы ўпершыню пачалі размаўляць з серабранскімі і ляхаўскімі рабочымі па-беларуску. У 1931 годзе тэатр Галубка рэарганізавалі, яго назвалі БДТ-3 (Беларускі трэці дзяржаўны тэатр) і размясцілі ў Гомелі. Гастролі па акругах працягваліся.

Лёс Галубка быў тыповым для нацыянальных дзеячаў Беларусі. Звольнены з усіх пасадаў, у 1937 годзе ў час сталінскіх рэпрэсій ён быў рэпрэсаваны, зняволены. Паводле афіцыйнай версіі памёр у няволі 28 верасня 1937 года ад гіпертанічнай хваробы. Трупа Трэцяга Беларускага дзяржаўнага тэатра Уладзіслава Галубка была арыштаваная ў поўным складзе і расстраляная. Рэабілітаваны пасмяротна Галубок 26 жніўня 1957 года Вярхоўным судом БССР. Яго імем зараз названа вуліца ў Менску.