Суд па справе Мікалая Аўтуховіча зрабілі з амаль закрытага зусім закрытым. Пра гэта паведаміла жонка палітвязня Уладзіміра Гундара, які праходзіць адным з абвінавачаных. 

Алена Гундар кажа, што сваякоў перасталі пускаць на працэс з 19 верасня. „Сказалі, што пусцяць толькі на прысуд. Але калі ён будзе, невядома,”– адзначыла Алена Гундар.

Судовы карны працэс, які вядзе Гарадзенскі абласны суд у асаобе Максіма Філатава, праходзіць з 18 траўня гэтага году ў будынку гарадзенскай турмы №1. Паводле версіі следства, Аўтуховіч нібыта быў арганізатарам і кіраўніком групы, якая падпальвала аўтамабілі і дамы сілавікоў. Яго абвінавачваюць ажно па 12 артыкулах Крымінальнага кодэкса, сярод якіх — „здрада дзяржаве”, „стварэнне злачыннай арганізацыі”, „акт тэрарызму”, „замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам”. Іншыя падсудныя таксама пад шэрагам крымінальных артыкулаў.