Беларуская пісьменніца, грамадска-культурная дзяячка Зоська Верас (Людвіка Сівіцкая) нарадзілася 30 верасня 1892 году ў мястэчку Мяджыбаш (цяпер Лятычаўскі раён, Жытомірская вобласць, Украіна).

бацькі Людвікі

Паходзіла з сям’і вайскоўца Антона Сівіцкага і Эміліі Садоўскай, якія паходзілі з Гарадзеншчыны. Дзед Людвікі па матчынай лініі Людвік Садоўскі быў знакамітым пчаляром і садаводам, ён вучыўся ў Варшаве, добра ведаў беларускую мову і карыстаўся ёю ў размовах. Бацька Людвікі, Антон быў родам з Гародні, называў сябе ліцвінам, шмат чытаў, любіў паэзію.

фота 1897 году

Пачатковую адукацыю, у тым ліку і музычную, атрымала дома. У 1904 годзе паступіла ў прыватнае гандлёвае вучылішча Л. Валадкевіч у Кіеве. У 1905 годзе жыла ў Луцку на Валыні. Пасля смерці бацькі ў 1908 годзе пераехала разам з маці ў родавы маёнтак Альхоўнікі (па іншых крыніцах – маёнтак Крыштапарова) на Сакольшчыне. У 1912 годзе скончыла прыватную жаночую гімназію Кацярыны Баркоўскай, якая мясцілася ў камяніцы Стэфана Баторыя ў Гародні. У 1914-ым – 10-месяцавыя садоўніцка-агародніцка-пчалярскія курсы і 6-тыднёвыя ваенныя санітарныя курсы ў Варшаве.

Зоська Верас, 1914 год

Зоська Верас – удзельніца Гарадзенскага гуртка беларускай моладзі (1909-13), дзе працавала бібліятэкаркай і сакратаркай. Падчас удзелу ў гуртку грала ў пастаноўках розных п’есаў. Удзельнічала ў выданні альманаха “Колас беларускай нівы” (Гародня, 1913). Кантактавала з газетай “Наша ніва”, віленскімі выдавецтвамі.

Гурток 1913 год

З 1915 года жыла ў Менску. Працавала ў розных беларускіх арганізацыях. Тады ж пазнаёмілася з беларускім дзеячам Фабіянам Шантырам, з якім завязаліся рамантычныя адносіны. Яго яна называла сваім мужам, хоць аформіць адносіны не ўдалося. У канцы 1918 года пакідае Менск з прычыны хваробы маці і вяртаецца ў маёнтак дзеда – Альхоўнікі. У 1919 годзе у Зоські Верас нарадзіўся сын Антон, яго бацька Фабіян Шантыр быў расстраляны ў 1920-ым. У 1922 годзе пасля смерці дзеда маёнтак давялося прадаць. У 1923 годзе ў лясным масіве на Панарскіх узгорках пад Вільняй Людвіка разам з Антонам Войцікам пабудавалі прасторную хатку з галінак дрэў, абмазаных глінай так, як гэта рабілася ва Украіне. У 1926 годзе яны пажаніліся і павянчаліся. У гэтым шлюбе нарадзілася дачка Галіна, па мужу – Луцкевіч.

У 1920-30-ых гадах Зоська Верас працавала ў розных віленскіх газетах, часопісах, грамадскіх арганізацыях. Апекавалася беларускімі палітычнымі вязнямі, якія сядзелі ў віленскай турме “Лукішкі”. Вынесла адтуль вершы Міхася Машары і выдала за свой кошт яго першы зборнік “Малюнкі”. Друкавала свае творы ў часопісах “Шлях моладзі”, “Студэнцкая думка”, дзе выступала разам з Наталляй Арсеньневай.

У 1946 годзе сына Антона Шантыра арыштавалі і асудзілі. Ні маці, ні сястра не ведалі, дзе знаходзіцца Антон і што з ім[. Пасля таго, як у 1944 годзе была зачынена Віленская беларуская гімназія, а ў 1945-ым ліквідаваны Беларускі музей імя Івана Луцкевіча, а ў 1948-ым раптоўна памёр муж, у жыцці пісьменніцы наступіў цяжкі перыяд, які пазней яна назвала “летаргічным сном”. У 1956 годзе Антон нечакана вярнуўся дамоў са сталінскіх лагераў, цяжка хворы: 10 гадоў ён быў пазбаўлены права ліставацца з маці.

Партрэт Зоські Верас

У канцы 1980-ых гадоў вакол Зоські Верас гуртавалася беларуская інтэлігенцыя Вільні. У 1988 годзе Зоська Верас разам з зяцем Лявонам Луцкевічам утварылі спачатку клуб “Сябрына”, а ў 1989-ым было заснавана Таварыства Беларускай Культуры ў Літве.

Ларыса Геніюш пісала: “Вільня, Вільня, наша Мекка, вера, Каліноўскага святая кроў. Там жыве, бы ў казцы, Зоська Верас, ля высокіх віленскіх муроў”.

Памерла Зоська Верас 8 кастрычніка 1991 году ў Вільні. Пахавана на могілках Панерай побач з магіламі маці, мужа і сына. Зосьцы Верас прысвечаны фільм, зняты на “Беларусьфільме”. Галіна Войцік напісала кнігу “Зоська Верас”, якая выйшла ў 2002 годзе. У 2013 годзе ў серыі “Гарадзенская Бібліятэка” выйшла кніга “Зоська Верас. Я помню ўсё”. У кнізе надрукаваны ўспаміны Зоські Верас, яе прыватная карэспандэнцыя, фотаздымкі. Ёй прысвечаны шматлікія вершы.