Чым больш і больш агрэсіі Расеі на ўсіх напрамках, тым штораз больш складанай становіцца сітуацыя з беларускімі палітычнымі вязнямі. Цяпер яны ўжо не той козыр у гандлі з Захадам, але перш за ўсё ўнутраная беларуская палітычная сіла, якая з дня на дзень становіцца штораз большай пагрозай для самога Лукашэнкі. Прыгадайма тады некалькі фактаў дзеля зразумення працэсу дыктатарскіх дзеянняў.

Перад прэзідэнцкімі выбарамі ў жніўні 2020 года яшчэ вясною спацыфікавалі і пасадзілі за краты патэнцыйных лідараў акцый пратэсту — ветэранаў дэмакратычнага змагання — Міколу Статкевіча і Паўла Севярынца, для якіх прысуды гэта выключна псіхічная і фізічная расправа над іх аўтарытэтам і іхнімі сем’ямі. Гэта таксама знак для адвечнай лукашэнкаўскай апазіцыі, памятаючай дзевяностыя гады, што бязлітасная прамаскоўская ўлада не бачыць для іх месца не толькі ў палітычным жыцці, але і грамадскім існаванні як для незалежных, нацыянальных дэмакратаў. Для ўсіх людзей гэтага складу думкі маюцца два выхады — або астрог, або эміграцыя без права вяртання. А адкрытая вайна з беларускасцю ў самой Беларусі становіцца асноўным касцяком палітычнай думкі служак прамаскоўскай хеўры.

Другі акт палітычнай расправы гэта таксама ўжо зняцце з выбарчай гонкі ў 2020 годзе Віктара Бабарыкі і Сяргея Ціханоўскага, якім і іхнім памагатым таксама не пашкадавалі прысудаў у выглядзе шматгадовага турэмнага зняволення. Таксама тыя, хто задзейнічаны быў у нейкага роду акцыях пратэсту ці інфармацыйных справах, а выводзіліся з вайскова-сілавых структур, былі пакараны такімі тэрмінамі зняволення, каб іх дабіць у турмах і канчаткова запалохаць служачых дзяржаўнага апарату. Ну і тых, хто паводле апрычнікаў сістэмы паднёс рэальную руку на тых, хто штодзень дапускаецца гвалту і здзеку над сваім народам, трэба абавязкова катаваць, паніжаць і ганьбіць прысудамі. Тут найлепей шукаць шырэйшых груп па ідэі, ці абвінавачваць іх у тэрарызме, збройным супрацьстаянні, здрадзе Радзіме. Пад гэтую «раздачу» тэрмінаў зняволення трапляюць ужо анархісты, рэйкавыя партызаны, пенсіянерская групоўка Аўтуховіча. Можна дадумацца, што ўсіх людзей з Праваабарончага цэнтра «Вясна» — тых, якія ў следстве за кратамі і тых, якія пад закідамі, але пакуль на волі — чакае змена абвінавачванняў з фінансавых на больш жорсткія. Тут, на жаль, трэба спадзявацца прапагандысцкай хлусні, але і сямейнага пераследу ды маральных катаванняў.

Ёсць, яшчэ адна, вельмі вялікая, група абвінавачаных і пакараных турэмнымі прысудамі за ўдзел у жнівеньскіх і пазнейшых пратэстах, якія на судовым канвееры атрымалі ад года да пяці гадоў турэмнага зняволення. Час бяжыць і многія з іх выйшлі ўжо на волю, з’ехалі з Беларусі, або стараюцца затрымацца на Радзіме. Перад іншымі застаюцца месяцы адседкі. Здаецца, гэтыя людзі, якіх адзінай віною была вера ў тое, што выбары могуць быць дэмакратычнымі і праявілі сваю думку ў мірным шэсці, павінны былі быць амніставанымі 17 верасня 2022 года ў так гучнай, прымеркаванай да гэтай даты лукашэнкаўскай амністыі. А тут — цішыня, пшык і агаворкі дыктатара, што нацыяналістаў і дэмакратаў выпускаць не будуць.

 Працягваюцца чарговыя катаванні і здзек рэжыму над народам, якога ніколі ён не шанаваў, хаця прысягу на канстытуцыю Беларусі ўсё ж такі даваў. І за гэта няма ўцёкаў ад пакарання. І тут пераходзім да сутнасці лукашызму як спадкаемцы камуністычна-савецкага тэрору. У абароне сваёй захопленай улады ніхто не становіцца сястрой, ці бацькам міласэрнасці. Як паказвае гісторыя таталітарных сістэм, у такіх хвілінах яшчэ з большай заядласцю ліквідуецца ўсіх і ўсё, што стаіць на палітычнай, інфармацыйнай ці падпольнай дарозе супраціву. Замятаюцца таксама сляды сваёй злачыннасці, ліквідуюцца сведкі ў сваім атачэнні, асабліва ў час саўдзельніцтва ў злачыннай вайне. Адпусціць зараз на волю тысячы ўмоўна званых бел-чырвона-белымі, гэта Пуціну і Лукашэнку не развязка справы, а наадварот, непасрэдная дапамога ў вяртанні незалежнасці Беларусі і Украіне. А не за гэта ідзе іхняя вайна.

Яўген ВАПА