
Раней Саўмін аўтаматычна лічыў «занятымі ў эканоміцы» бацькоў трох і больш непаўналетніх дзяцей, бацькоў малых дзяцей і дзяцей з інваліднасцю, а таксама адпаведных прыёмных бацькоў і апекуноў. Новая пастанова вызваляе ад «дармаедства» толькі жанчын.
У мінулай версіі пераліку аўтаматычна «занятых» у эканоміцы быў такі пункт:
«тыя, хто з’яўляюцца маці (мачахай) або бацькам (айчымам), усынавіцелем (удачарыцелем), апекуном (папячыцелем) і хто выхоўвае дзіця ва ўзросце да 7 гадоў, дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, траіх і больш непаўналетніх дзяцей».
Гэты пункт перапісалі так:
«з ліку жанчын, якія выхоўваюць дзіця ва ўзросце да 7 гадоў, траіх і больш непаўналетніх дзяцей, якія зʼяўляюцца маці (мачахай), усынавіцелем (удачарыцелем), апекуном (папячыцелем)».
Выключэнне – мужчыны, якія з’яўляюцца бацькамі, айчымамі ці апекунамі дзіця-інваліда да 18 гадоў. Яны «занятыя ў эканоміцы».
Таксама дадалі такую катэгорыю «недармаедаў»:
«чальцы рады дырэктараў (назіральнай рады) пры ўмове выплаты ім узнагароджання».
Гэтыя змены набудуць моц ад 1 снежня 2022 года. Змены ніяк не абгрунтавалі.
Тыя, хто трапіў у базу «дармаедаў», мусяць плаціць за камунальныя паслугі паводле падвышаных («эканамічна абгрунтаваных») тарыфаў. Першапачаткова за «дармаедства» спрабавалі ўвесці наўпроставы падатак, але пасля пратэстаў і масавай нясплаты падатку яго замянілі на такую ўскосную і аўтаматычную плату.
Белсат