У Гарадзенскім абласным судзе 3 кастрычніка абвесцілі жорсткі прысуд 28-гадоваму кіроўцу таксі з Ліды Эдварду Вільчэўскаму — дзевяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама ён павінен заплаціць пацярпеламу 2000 рублёў кампенсацыі. За каментары ў сацсетках і знойдзеныя падчас ператрусу “вожыкі” яго асудзілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Прысуд вынес суддзя Мікалай Рачынскі.

Эвдарда асудзілі паводле наступных артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці); арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады); ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў); ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках); арт. 364 (пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Згодна з версіяй абвінавачвання Вільчэўскі, “з’яўляючыся актыўным удзельнікам тэлеграм-чатаў “Беседы белорусской революции”, “Банда Луки”, “Лида 97%” здзейсніў актыўныя дзеянні, накіраваныя на стварэнне ўмоваў для ажыццяўлення паказанага злачынства, у перыяд з 24 чэрвеня па 7 кастрычніка 2020 года пакідаў экстрэмісцкія паведамленні, якія змяшчаюць падахвочванні, жаданні, зацікаўленасці і гатовасці да стварэння ўзброеных аб’яднанняў дзеля процідзеяння супрацоўнікам праваахоўных органаў, падахвочвання да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды, гвалту над асобай з прычыны выканання грамадскага абавязку, у тым ліку ў дачыненні да супрацоўнікаў ГУУС з прычыны выканання імі службовай дзейнасці”.