Яшчэ 5 студзеня 2022-га малады чалавек скончыў жыццё самагубствам! 

Уключэнне ў «Пералік» адбылося 30 верасня 2022 года — амаль праз 10 месяцаў пасля смерці мужчыны. У «Пераліку асоб, датычных да экстрэміскай дзейнасці» адзначана, што Дзмітрый Дудойць «адбывае пакаранне».

Нагадаем, 5 студзеня стала вядома, што 43-гадовы жыхар Смаргоні скокнуў з маста ў Магілёве і разбіўся. Гэта адбылося, калі ён вяртаўся ў ПУАТ з паліклінікі без суправаджэння.

Яго асудзілі да двух гадоў «хіміі» за каментар пра начальніка Ганцавіцкага РАУС Віталія Куляшова. Свой тэрмін ён адбываў у Магілёве, дзе правёў на «хіміі» адзін тыдзень.

Дзмітрый Дудойць — жыхар Смаргоні, асуджаны да двух гадоў «хіміі» за каментар пад пастом Вольгі Карач. Яго абвінавацілі ў «знявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, здзейсненай у інфармацыі, якая размешчана ў сеціве Інтэрнэт» (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).

Згодна з матэрыяламі следства, Дзмітрый яшчэ да мінулагодніх выбараў, 21 чэрвеня 2020 года, у «Аднакласніках» на старонцы Вольгі Карач «з дапамогай ненарматыўнай лексікі ахарактарызаваў начальніка Ганцавіцкага РАУС Віталія Куляшова, падпісаўшы яго фота “Жывёліна лысая, хутка прыйдзе наш час…”».

З 29 снежня 2021 года Дзмітрый адбываў тэрмін у ПУАТ N43 у Магілёве. Паводле інфармацыі @dissidentBY, мужчына скончыў жыццё самагубствам, калі вяртаўся з паліклінікі без суправаджэння.