Па словах сцэнарысткі і рэжысёркі фільма „Каліноўскі” гарадзенкі Вольгі Швед, Следчы камітэт пачаў супраць яе крымінальную справу па арт. 130 КК („Распальванне нацыянальнай варожасці”) неўзабаве пасля выхаду стужкі.

На яе думку, сілавікі ўгледзелі ў дакументальнай карціне абразу Крамля і Расеі.

– Асабліва, калі ідзе вайна ва Украіне і рэвалюцыя ў 2020 годзе была падаўлена пры ўдзеле Пуціна і па сцэнары паўстання 1863 года. Фільм атрымаўся надзвычай актуальны, таму СК ніяк міма не мог прайсці, – пракаментавала Швед.

Рэжысёрка дадала, што не атрымала позву, паколькі ўвесь час пражывае за мяжой і мае адпаведны пашпарт серыі РР – позву ёй проста няма куды дасылаць.

Таксама стала вядома, што галоўны герой фільма гісторык Васіль Герасімчык пакінуў Беларусь у сувязі з пераследам з боку сілавікоў. Дакументальны фільм пра Кастуся Каліноўскага, кіраўніка паўстання 1863-1864 гг. у Беларусі і Літве, выйшаў на „Белсаце” ў чэрвені. У стужцы прадстаўлены аповед пра яго жыццё і лёс, кадры раскопак і знойдзеных рэчаў, мясцін, дзе Каліноўскі жыў і кіраваў паўстаннем.