
Дзеяч беларускай эміграцыі, мастак Міхась Навумовіч нарадзіўся 3 кастрычніка 1922 году ў вёсцы Кашалёва (Наваградскі раён). Паходзіў з сям’і Івана і Ганны Навумовічаў. Меў старэйшага брата Валодзю і сястру Соню. Сям’я была сярэдняга дастатку. У бацькі мелася дзялянка зямлі ў 5 гектараў, акрамя таго, ён быў бондарам, рабіў бочкі і прадаваў.
Пачатковае навучанне атрымаў у весцы Кашалёва, вучылі па-польску. Пасля бацькі аддалі яго ў школу у Наваградку, дзе ён правучыўся да 7-га класа. Настаўнік геаграфіі Аляксандр Орса прапанаваў бацькам абавязкова паслаць Міхася ў гімназію. Пасля заканчэння сёмага класа Міхась пехатой хадзіў у Наваградак здаваць агульны ўступны экзамен у гімназію. Для вучобы беларусам патрэбны былі немалыя грошы, таму ўсё лета сям’я працавала, каб можна было заплаціць за вучобу. Пасля ўз’яжнання Заходняй Беларусі з БССР. гімназію зрабілі расейскамоўнай. У гэты час ён далучыўся да групы, якая малявала, афармляў насценную школьную газету. Вучыўся ў прафесара па малюнку Рамашкевіча, які браў яго ў свае вандроўкі па ваколіцах.
4 ліпеня 1941 году Наваградак акупавалі гітлераўцы. Гэбітс-камісар дазволіў адчыніць беларускую школу, дзе Міхась працягнуў навучанне. Пасля сканчэння ў 1944 годзе Навагрудскай беларускай гімназіі мабілізаваны ў Беларускую краёвую абарону, накіраваны ў Менск, у арганізаваную афіцэрскую школу Краёвай абароны. Пасля пачатку наступлення савецкіх войскаў пры адступленні праз Вільню загінула вялікая колькасць вайскоўцаў дывізіі падчас савецкай бамбардзіроўкі чыгуначнай станцыі.
Міхась Навумовіч, разам з некаторымі іншымі вайскоўцамі, вырашылі ўцячы ў лес. Яны пазней апынуліся ў французскім Безансоне. Восенню 1944 году Навумовіч перайшоў да французскіх партызанаў. 3 канца 1944 году ў арміі Андэрса.
3 чэрвеня 1945 года жыў у Італіі. Займаўся рэгістрацыяй дакументаў з жандармерыі для суда сёмай дывізіі Андэрса ў Сан-Базіліа, які працаваў на польскай мове. У 1947 годзе, пасля дэмабілізацыі пераехаў ў Парыж. Сустрэўшыся са знаёмым палякам-скульптарам Венгельскім, які, паглядзеўшы малюнкі, адразу запісаў яго ў мастацкую акадэмію. Скончыў факультэт скульптуры Нацыянальнай вышэйшай школы мастацтва ў 1953 годзе. У школе ад прафесара скульптуры, кіраўніка майстэрні, атрымаў прапанову ўдзельнічаць у стварэнні помніка дзеду егіпецкага караля Фарука, але са зменай улады праца над помнікам была спынена.
Міхась шмат працаваў. Некаторы час Міхась Наўмовіч жыў у інтэрнаце для моладзі, атрымліваючы невялікую стыпендыю з Ватыкану, якую для яго і сяброў даставаў айцец Леў Гарошка. У 1948 годзе са сваім сябрам Янкам Філістовічам стварылі «Беларускую Незалежніцкую Арганізацыю Моладзі», а таксама пачалі выпускаць часопіс «Моладзь».
Узначальваў з 1946 году Аб’яднанне беларускіх работнікаў у Францыі, у 1949-52 гадах Беларускую незалежніцкую арганізацыю моладзі ў Францыі, Аб’яднанне беларускіх студэнтаў, Беларускае аб’яднанне камбатантаў. Рэдагаваў у 1948-54 гадах часопіс «Моладзь».
У 1953-55 гадах прадаўжаў выдаваць гэты часопіс сумесна з Львом Гарошкам, які таксама выпускаў яшчэ адзін часопіс для беларускай эміграцыі «Божым шляхам». У 1955 годзе школу фізіятэрапіі ў Парыжы.
У 1956 г. ажаніўся, узгадаваў чацвера дзяцей, шмат працаваў, пабудаваў сваімі рукамі дамы.
Выкладаў анатомію і марфалогію ў дзяржаўных і прыватных школах фізіятэрапіі і мастацтва.
Прадстаўнік у Францыі Беларускага камітэта дапамогі ахвярам радыяцыі, арганізаванага ў 1989 годзе пры Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане з ініцыятывы айца Аляксандра Надсана.
3 1991 году старшыня Беларускага саюзу. Радны БНР.
Аўтар больш як 10 скульптурных твораў з каменю, у тым ліку помніка на магіле Міколы Равенскага, скульптур для касцёлаў, мосту Аляксандра ІІІ і Новага мосту ў Парыжы, працы «Вяселле ў Кане Галілейскай». Пераможца конкурсу на стварэнне статуі Жанны д’Арк. У 1950-1960-ыя гг. аформіў выдадзеныя ў замежжы кнігі «Спадчына» Янкі Купалы, «Сымон-музыка» Якуба Коласа, «Матчын дар» Алеся Гаруна, альманах «Ля чужых берагоў». Маляваў і акварэллю.
Некаторыя свае мастацкія працы Навумовіч перадаў у Беларускую бібліятэку і музей імя Францішка Скарыны.
Памёр Міхась Навумовіч 4 сакавіка 2004 году ў Вальпене, пад Парыжам.