Праваабарончы цэнтр „Вясна” атрымаў прэмію The Albie Awards 2022, заснаваную Фондам Клуні «За справядлівасць”. Беларускіх праваабаронцаў адзначылі ў намінацыі „Справядлівасць для абаронцаў дэмакратыі”.  Прэмію прымала Аліна Стэфановіч – жонка палітвязня – праваабаронцы «Вясны» Валянціна Стэфановіча.

Аліна падзялілася сваімі ўражаннямі з Беларуским Радыё Рацыя наўпрост з Нью-Ёрку:

Гэтая прэмія – прызнанне усёй той працы, той дапамогі людзям, якую “Вясна” рабіла цягам 26 гадоў.

РР: Варта прыгадаць, што шасцёра “вясноўцаў” зараз знаходзяцца за кратамі. Гэта Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Леанід Судаленка, Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк.

Аліна Стэфановіч: Прэмію, вядома, далі не таму, што людзі за кратамі, хоць, зразумела, што тую цану, што плацяць хлопцы і дзяўчаты за тое, што яны займаліся правамі чалавека, дапамагалі людзям, гэта сапраўды вельмі высокая цана, што і адзначалі стваральнікі гэтай прэміі  Фонд „Клуні за справядлівасць” Джордж і Амаль Клуні. І ёсць вялікі спадзеў, што такое прыцягненне ўвагі да Беларусі пакідае Беларусь у агульнай глабальнай павестцы, і што гэта дапаможа праваабаронцам выйсці раней на волю.

РР: Ці пыталіся ў вас пра Беларусь, дзе яна знаходзіцца? Як па вашых адчуваннях, ці ведаюць у Нью-Ёрку пра праблемы Беларусі?

Аліна Стэфановіч: Па маіх адчуваннях, дастаткова добра праблемы Беларусі гучаць. Ёсць адчуванне, што сярод абедзьвюх асноўных партыяў існуе кансэнсус наконт Беларусі, і ёй зацікаўлены дапамагчы. І перад маім выступам, перад тым, як я зачытала ліст Валянціна, які ён здолеў даслаць з турмы, я пачула: “Жыве Беларусь!”. Таму, відавочна, пра Беларусь ведаюць.

РР: Як выглядае зараз сітуацыя з затрыманымі праваабаронцамі?

Аліна Стэфановіч: Справы выглядаюць не надта аптымістычна. Прад’явілі лідарам “Вясны” новае абсурднае абвінавачанне. Ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення. Але Валянцін не губляе аптымізму, ён піша, што ганарыцца тым, што ён дапамагаў людзям. І што гэта  ў пэўным сэнсе прызнанне ягонай працы.

Цалком гутарка ў далучаным гукавым файле: