Па словах сцэнарысткі і рэжысёркі гарадзенкі Вольгі Швед, Следчы камітэт пачаў супраць яе крымінальную справу па арт. 130 КК («Распальванне нацыянальнай варожасці») неўзабаве пасля выхаду на тэлеканале Белсат стужкі пра кіраўніка паўстання 1863-1864 гг. у Беларусі і Літве Кастуся Каліноўскага.

Даведалася яна пра гэта – неафіцыйна і нават выпадкова:

– Даведалася я таксама досыць дзіўным чынам, таму што я ўжо даўно не жыву ў Беларусі. Адмыслова, каб да маіх бацькоў не прыходзілі з ператрусамі я зрабіла сабе пашпарт серыі ПП – гэта пашпарт грамадзяніна, які стала жыве за мяжой. Адпаведна, паводле працэдураў, няма куды мне прынесці позву. То бок позву я ў рукі не атрымала, і даведалася пра гэта ад неафіцыйных крыніцаў.