У аўторак праз мяжу з Беларуссю ў Польшчу спрабаваў нелегальна трапіць 91 іншаземец. Гэта грамадзяне Шры-Ланкі, Эрытрэі і Судана, – паведамляе Памежная ахова Польшчы. Таксама затрыманыя яшчэ шэсць кур’ераў, якія перавозяць нелегальных мігрантаў ад мяжы ўглыб краіны. Гэта пяць украінцаў і беларус, якія падазраюцца ў спрыянні незаконнаму перасячэнню мяжы. Усяго яны перавозілі 24 чалавекі.

У ліпені і жніўні Польская памежная служба зафіксавала каля 900 спроб нелегальнага перасячэння беларуска-польскай мяжы. У верасні такіх спроб было амаль 1 тысяча 300. Кастрычнік пачаўся з рэкорднай колькасці за апошнія месяцы, бо ў мінулую суботу пагранічнікі зафіксавалі 120 спроб за адзін дзень. З пачатку гэтага месяца – больш за 320.