Ніна і Андрэй Якубецкія

Беларускі вайсковец, удзельнік Слуцкага паўстаньня, дзеяч культуры і асветы Андрэй Якубецкі нарадзіўся 5 кастрычніка 1892 году ў вёсцы Сухмяні (Гарадзенскі раён).

Паходзіў з праваслаўнай сям’і. Вядома, што бацька Павал Якубецкі быў актыўным удзельнікам Таварыства Беларускай Школы ў Капцёўцы, што пад Гародняй, у міжваенны перыяд. У 1912 годзе Андрэй Якубецкі скончыў настаўніцкую семінарыю ў Свіслачы.

Непрацяглы час настаўнічаў. Удзельнічаў у Першай сусветнай вайне. У 1915 годзе скончыў Аляксандраўскую вайсковую школу ў Маскве. У час бурлівых падзей 1918 года дэмабілізаваны ў чыне капітана. Пасля гэтага вярнуўся ў Гародню, дзе актыўна ўдзельнічаў у стварэнні войска Беларускай Народнай Рэспублікі. Кіраўнік Рады БНР у Гародні.

У лістападзе 1918 года ўвайшоў у Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў, адзін з ініцыятараў склікання Гарадзенскага беларускага сялянскага з’езду. З кастрычніка 1919 года – кіраўнік Беларускай вайсковай камісіі у Менску. Прыкладна ў канцы таго ж года ад Беларускай вайсковай камісіі паехаў у Польшчу, дзе вучыўся ў афіцэрскай школе.

1 снежня 1918 года ў будынку Барысаглебскага манастыра адбыўся з’езд праваслаўнага насельніцтва Гарадзенскай губерні. З амаль двухсот ягоных дэлегатаў толькі два чалавекі адкрыта выступілі ў абарону беларускасці: прадстаўнікі Гарадзенскага Беларускага нацыянальнага камітэта – Янка Натусевіч і Андрэй Якубецкі.

У канцы лістапада 1920 года разам з вядомым тагачасным дзеячам Кузьмом Цярэшчанкам з Лодзі прыбыў на Случчыну ў мясцовасць Семежава для ўдзелу ў вызвольным антыбальшавіцкім Слуцкім паўстанні. Разам з ім прыехалі яшчэ тры афіцэры з 12-ці пасланых – паручнік Тодар Янушэнка, капітаны Антон Борык і Антон Сокал-Кутылоўскі. Якубецкі – актыўны удзельнік Слуцкага збройнага чыну. У час паўстання 17 снежня 1920 года рада БНР прызначыла яго галоўнакамандуючым войскам Беларускай Народнай Рэспублікі. Пасля паразы паўстання пэўны час знаходзіўся ў Вільні, потым інтэрнаваны ў Польшчу.

У 1921 годзе Андрэй Якубецкі арыштаваны польскімі ўладамі і зняволены. Вызвалены ў наступным годзе. Спярша ў ліку іншых 33 беларускіх і летувіскіх нацыянальных дзеячаў высланы польскімі ўладамі з Вільні ў Літоўскую Рэспубліку. Потым у траўні 1922 года па запрашэнні Кастуся Езавітава разам з жонкай Нінай пераехаў у Латвію. Езавітаў узначальваў Беларускае нацыянальнае аб’яднанне ў Рызе. Паводле яго пратэкцыі Якубецкі выкладаў у Дзьвінску ў беларускай гімназіі і беларускіх школах. Супрацаваў з Беларускім музеем Івана Луцкевіча ў Вільні. У Латвіі быў сябрам культурна-асветніцкага таварыства “Бацькаўшчына”. Выкладаў геаграфію паводле падручніка Аркадзя Смоліча, тлумачыў пра захопленыя Латвіяй беларускія тэрыторыі. За гэта трапіў пад палітычны пераслед і пад суд у красавіку 1925 года, але быў апраўданы.

Вядома, што ў час другой сусветнай вайны працаваў у нямецкай адміністрацыі. Кіраваў Дзвінскім аддзяленнем Беларускага нацыянальнага аб’яднання ў Латвіі. Пасля 1944 года, калі выехаў у Нямеччыну, звесткі пра яго губляюцца і далейшы лёс невядомы. Імаверна жыў у эміграцыі ў адной з краін Захаду.

У 2015 годзе грамадскія актывісты адшукалі магілу бацькі Якубецкага – Паўла Якубецкага, напіс на помніку па-беларуску. Пахаванні Паўла Якубецкага і іншага сына – Міхаіла на капцёўскіх могілках. У лістападзе 2016 года там пастаўлены сімвалічны помнік памяці Андрэя Якубецкага, грошы на яго былі сабраныя беларускімі патрыётамі. На помніку напіс: “Тым, хто пайшоў паміраць, каб жыла Бацькаўшчына!”.