Калі цягам апошняга часу пісаў у гэтым месцы пра беларускіх  палітычных вязняў, то вядома, што з поля зроку не зыходзіла расейска – украінская вайна, якая сваімі паслядоўнасцямі дасягнула ўжо сусветнага маштабу. Крызіс –  мілітарны, палітычны, фінансава – інфляцыйны, энергетычны, спажывецкі, міграцыйны, інфармацыйны – гэта толькі некаторыя набалелыя і трагічныя падзеі з доўгага спіску праблем, перад якімі апынулася не толькі еўрапейская, але і сусветная супольнасць. Асколкі расейскай агрэсіі знішчаюць не толькі ўкраінскую дзяржаву і яе народ, але пагражаюць жыццёвай бяспецы дзяржаваў і звычайных людзей у любой кропцы свету. Глабальная вайна гэта сітуацыя ў якой вельмі папулярная для беларускага і заходнееўрапейскага  менталітэту прымаўка «мая хата з краю, я нічога не знаю», мусіць прыняць абсалютна другое псіхалагічнае выяўленне. Гэты выклік добра аддаюць радкі слоў песні, якую ў мае студэнцкія гады ( а гэта была палова васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя), навучыў нас нястомны, а зараз, на жаль ужо пакойны Сяржук Вітушка, дзе спяваецца і наступнае:

 Не сумуй па мне старая,

будзь здарова маці.

Вораг край мой разбурае,

Ці ж сядзець мяне ў хаце?

Ці ж на тое палівала

ты зямліцу потам,

Каб цяпер яна стагнала

пад маскоўскім ботам. 

Ці ж на тое мне аб долі

Пела над калыскай,

Каб цяпер яна марнела

пад пятой расейскай?

Лепш свабодным легчы ў полі

Ад варожай кулі,

Чым аддаць сябе ў няволю

Ды Цябе матуля.

Бараніць пайду свабоду ,

Біцца з гадам лютым,

Што нясе майму народу

Здзекі ды пакуты.

Будзем жывы, будзем рады

Лёсу маладому,

А пакуль не знішчым гада,

не чакай да дому.

Беларуская годнасць і гістарычная адказнасць. Эмоцыі і вера ў свой свабодны лёс і ўсяго беларускага народу. Перад вачыма і зараз бачу і чую Сержука, як ён спявае гэтую песню. Якая ж непахісная, духоўная моц выліваецца з яе і ў гэты момант. Дзякую для Аліны Ваўранюк, што даслала  мне цэлы тэкст песні. Выкананне гэтага гімну свабоды і годнасці заўсёды выклікала ў мяне дрыжыкі. Думаю, што ўсе, хто адчувае зараз адказнасць за беларускую будучыню, павінен яе вывучыць і спяваць талакой разам з іншымі. Напэўна яна павінна быць абавязкова занесена ў вайсковы спеўнік беларускіх жаўнераў, што змагаюцца зараз за Украіну і Беларусь. А таксама, думаю, каб прафесіянальныя музыкі яе запісалі, каб гучала яна ва ўсім сеціве і была даступная для слухання і спявання. Дух Сержука Вітушкі і яго магутная вера ў незалежную Беларусь  метафізычна  ахоўвае надалей нас сваім словам і надзеяй. 

    Гэтая песня дакаладна таксама паказвае той стан эмоцый і адказнасці, які спачывае зараз на плечах не толькі ўкраінцаў і беларусаў,  але  кожнага думаючага і эмпатычнага чалавека ва ўсім свеце.  Поўнасцю трэба  разумець, што наступіў час выпрабаванняў, калі ў імя жыцця і каштоўнасцей свабоды ізноў можа прыйдзе расплачвацца жыццём, дзеля салідарнасці з другімі атакаванымі і акупіраванымі Расеяй дзяржавамі і народамі. Выклік, які вымагае антыпуцінскай кааліцыі не толькі ад палітыкаў, але і звычайных жыхароў любой дзяржавы.

Яўген Вапа