Колькасць палітвязняў у Беларусі павялічваецца кожны тыдзень. Цяпер паводле праваабарончай супольнасці ў нашай краіне налічваецца 1 348 палітвязняў, 44 з якіх былі прызнаныя ў верасні.

У той жа час палітзняволеныя беларусы, засуджаныя па палітычна матываваных справах, працягваюць выходзіць на волю па заканчэнні тэрміну. Акрамя гэтага, у верасні былі вызваленыя тры палітвязні па памілаванні, а яшчэ аднаму змянілі пакаранне і перавялі на „хатні арышт”.

Па дадзеных „Вясны”, у верасні з месцаў зняволення выйшлі мінімум 29 палітвязняў, 13 з якіх – адбылі свае тэрміны. Да прыкладу, палітзняволеная журналістка Дар’я Чульцова 3 верасня выйшла на волю пасля амаль двух гадоў зняволення, адбыўшы тэрмін. Яна ўжо пакінула Беларусь. У верасні таксама вызвалілі журналіста «Свабоды» Алега Груздзіловіча, у межах памілавання. Журналіст утрымліваўся за кратамі амаль 9 месяцаў і 21 верасня выйшаў з магілёўскай калоніі. Ён ужо таксама пакінуў Беларусь.