
У Беларусі пачалі дзве крымінальныя справы за перавышэнне цэнаў — у Лідзе і Бабруйску.
Пра гэта ў эфіры дзяржаўных прапагандысцкіх тэлеканалаў расказалі прадстаўнікі Камітэта дзяржкантролю. У абодвух выпадках, паводле іх слоў, крамы завысілі цэны на тавары ў параўнанні з 6 кастрычніка.
— Падчас праверачных мерапрыемстваў КДК былі ўстаноўлены факты завышэння цэн у адной з крамаў Ліды ў параўнанні з цэнамі, якія былі па стане на 6 кастрычніка бягучага года, — у эфіры заявіў намеснік кіраўніка аддзела Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК Юры Кардымон. — Так, у продажы знаходзіліся чатыры віды каўбасных вырабаў, па якіх была неабгрунтавана завышана цана. Розніца даходзіла да двух рублёў. Была не проста пераклейка цэннікаў. Была і фактычная рэалізацыя грамадзянам гэтых каўбасных вырабаў па завышаных цэнах.
Нагадаем, 6 кастрычніка на нарадзе па эканамічных пытаннях Лукашэнка заявіў пра забарону на падвышэнне любых цэнаў у краіне.
Дзяржкантроль анансаваў маштабныя рэйды па крамах і жорсткую рэакцыю аж да крымінальных спраў. Да рэйдаў далучыліся не толькі прадстаўнікі КДК, але таксама “прафсаюзы” і “дэпутаты”.