
У судзе Кастрычніцкага раёна Гародні 6 кастрычніка да двух з паловай гадоў “хіміі” засудзілі 26-гадовага Андрэя Лагуна. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел у Маршы 6 верасня 2020 года. “Марш адзінства” ў Гародні быў адметны тады жорсткімі затрыманнямі, падчас якіх сілавікі распылялі слезацечны газ супраць пратэстоўцаў. Андрэй да суда два месяцы ўтрымліваўся пад вартай ў гарадзенскай турме. Справу разглядаў суддзя Віталь Лабоцкі, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівала Ганна Каралько.
Згодна з версіяй абвінавачвання, 6 верасня 2020 года Лагун “узяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія праводзіліся на тэрыторыі Гродна, груба парушалі грамадскі парадак, былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады і пацягнулі парушэнне працы транспарту, устаноў пры наступных акалічнасцях”. Так, ён “прыбыў у цэнтральную частку Гродна, загадзя ўсведамляючы супрацьпраўнасць групавога несанкцыянаванага масавага мерапрыемства і сваіх дзеянняў, натхняючы сваімі паводзінамі навакольных з мэтай падахвочвання ў іх пачуцця неабходнасці ўдзелу ў згаданым несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, мітынгу, шэсці, правядзенне якога ў цэнтральнай частцы Гродна замахвалася на грамадскі спакой, парушала ўмовы адпачынку і побыту грамадзян”.
За тое, што Лагун з “іншымі нявызначанымі асобамі” рухаліся шэсцем па праезнай частцы, была налічаная шкода: Аўтобуснаму парку Гродна — 20 рублёў 10 капеек, Гродзенскаму тралейбуснаму ўпраўленню — 51 рубель 59 капеек.
З матэрыялаў справы стала вядома, што супрацоўнікі гродзенскага ГУБАЗіКа ідэнтыфікавалі хлопца праз відэа з Маршу пратэсту 6 верасня 2020 года. Затрымалі яго сёлета 1 жніўня.
З матэрыялаў справы стала вядома, што падчас ператрусу ў Андрэя знайшлі некалькі неадпраўленых лістоў палітвязням. Хлопец растлумачыў, што хацеў напісаць палітзняволенаму Максіму Знаку, але ліст так і не адправіў. Пракурорка ўдакладніла, дзеля чаго ён хацеў адправіць гэтыя лісты. Андрэй сказаў, каб “проста падбадзёрыць”.
На судзе мусілі быць дапытаныя супрацоўнікі АМАПа Андрэй Мацейка, Ігар Шабанаў, Сяргей Чарняк, Іван Кастроў, Іван Сямёнаў, Ала Сафронава, але яны не з’явіліся на судовыя працэсы з розных прычынаў. Гэтыя супрацоўнікі працавалі па “ахове грамадскага парадку” 6 верасня 2020 года ў Гродне. Іх паказанні былі зачытаны на судзе з пратаколаў допыту.
Дзяржаўнае абвінавачванне запрасіла для Андрэя Лагуна два з паловай гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Менавіта такое пакаранне і прызначыў хлопцу суддзя Віталь Лабоцкі. Андрэя вызвалілі ў зале суда пасля двух месяцаў у турме да накіравання яго на “хімію”.