Удзельніца беларускага антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху ў Смаргонях у 1949-50 гг. Часлава Ашукоўская нарадзілася 10 кастрычніка 1932 году ў Смаргонях.

У 1940 годзе яе бацьку арыштавалі і асудзілі да зняволення савецкія ўлады, якія ўсталяваліся ў верасні 1939 году ў Заходняй Беларусі. Часлава Ашукоўская засталася з маці, старэйшымі братам і сястрой.

Пасля Другой сусветнай вайны вучылася ў Смаргонскай сярэдняй школе. У 1949 годзе пазнаёмілася ў школе з вучнямі-антыкамуністамі, стала сябрам мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падполля, але да актыўнай дзейнасці далучыцца не паспела. Моладзевая арганізацыя, кіраўніком якой быў Расціслаў Лапіцкі, пераважна займалася распаўсюджваннем антысавецкіх улётак, але ў будучыні планавалася перайсці і да больш актыўных дзеянняў.

23 сакавіка 1950 году Чаславу Ашукоўскую, тады яшчэ дзевяцікласніцу, разам з Марыяй Барташэвіч арыштавалі органы МГБ. Утрымлівалася ў турме ў Маладэчне. У адрозненні ад многіх іншых удзельнікаў арганізацыі, Чаславу падчас допытаў не катавалі.

8 траўня разам з групай удзельніц мядзельска-смаргонскага падполля была асуджана трыбуналам БВА да 8 гадоў канцлагераў «за неданясенне». Як малалетняя ўтрымлівалася першы год у дзіцячай калоніі ў Гомелі, працавала ў швейнай майстэрні. Далейшы тэрмін адбывала ў канцлагерах за Свярдлоўскам, дзе выкарыстоўвалася на розных цяжкіх работах: як толькі ёй споўнілася 18, яе адправілі па этапе ў Салікамскі канцлагер. У 2017 годзе Ашукоўская расказала ў газеце «Туапсинские вести» пра сваё зняволенне.

Летам 1954 году вызвалена і вярнулася ў Смаргонь. Выйшла замуж за вайскоўца-армяніна на прозвішча Галумян, які ўсе гэтыя гады чакаў яе вяртання. З мужам і дзецьмі жыла ў розных мясцінах СССР, а таксама ў ГДР. Пасля гэтага Часлава марыла вярнуцца ў Беларусь, але сям’я пераехала на сталае месца жыхарства ў Туапсэ (Адыгея, цяпер Краснадарскі край РСФСР). Там Часлава Ашуковіч скончыла вячэрняе аддзяленне гандлёвага тэхнікума, шмат гадоў працавала прадаўцом і засталася там жыць пасля смерці мужа. Удзельнічала у напісанні успамінаў для кнігі Міхася Чарняўскага «Ня бойцеся ахвяраў і пакут».