7 кастрычніка 2022 года Нобелеўскі камітэт абвясціў лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру. Яе атрымалі старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі, украінскі “Цэнтр Грамадзянскіх Свабод” і расійская праваабарончая арганізацыя “Мемарыял”. У гэтым годзе праваабаронца “Вясны” вылучаўся на Нобелеўскую прэмію міру шосты раз. Спадар Бяляцкі стаў чацвёртым чалавекам, які атрымаў Нобелеўскую прэмію міру, знаходзячыся ў турме або пад вартай.
Алесь Бяляцкі даведаўся аб атрыманні Нобелеўскай прэміі міру. Вестачка пра гэта дайшла да яго ў СІЗА-1 на Валадарскага, дзе ён знаходзіцца амаль 15 месяцаў.
Віншаванні Алесю Бяляцкаму і каментары з нагоды атрымання ім выбітнай узнагароды працягваюць прыходзіць з усіх кропак свету.
Тым не менш, 25 верасня свой юбілейны 60-ы дзень народзінаў Алесь Бяляцкі сустракаў за кратамі СІЗА-1 у Мінску.
Жыхары мінскай Чыжоўкі павіншавалі Алеся Бяляцкага з юбілеем.
“Мы зычым спадару Алесю хутчэй апынуцца на волі, побач з роднымі і сябрамі, і ўбачыць вольнай нашу Беларусь. Няхая яна стане краінай, дзе суды працуюць паводле закону, дзе ў турмах няма катаванняў, дзе міліцыя ахоўвае парадак, дзе прафесія праваабаронцы не патрабуе рызыкі і гераізму. Так і будзе, а пакуль кожны дзень беларускія праваабаронцы набліжаюць гэты момант. З Днём Народзінаў, спадар Алесь, і дзякуй вам”, — напісалі яны.
Дасылайце лісты падтрымкі Алесю:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму
Прэмію The Albie Awards 2022 уручылі “Вясне”
29 верасня ў Нью-Ёрку Праваабарончаму цэнтру “Вясна» уручылі прэмію The Albie Awards 2022, заснаваную Фондам “Клуні за справядлівасць”, у намінацыі “Справядлівасць для абаронцаў дэмакратыі”.Аліна Стэфановіч падчас уручэння прэміі The Albie Awards 2022
“Правы чалавека ўніверсальныя, неад’емныя і належаць нам ад нараджэння, бо мы проста людзі, і не залежаць ад волі асобных аўтакратаў, яны не могуць адабраць іх у нас.
У гэтай складанай сітуацыі беларускія праваабаронцы працягваюць сваю дзейнасць, працягваюць, нягледзячы на спробы маргіналізацыі, выпіхвання ў нелегальнае поле і за мяжу. Працягвае сваю дзейнасць і ПЦ “Вясна”.
Гэтая ўзнагарода падтрымлівае нас у гэтай дзейнасці, падтрымлівае тых вясноўцаў, якія былі кінутыя за краты за ажыццяўленне сваёй мірнай легітымнай праваабарончай дзейнасці, тых, хто заплаціў вялікі кошт за гэтую дзейнасць, кошт асабістай свабоды”, — працытавала словы Валянціна Стэфановіча яго жонка Аліна, якая атрымоўвала прэмію.
Падчас узнагароджання быў прадэманстраваны спецыяльна падрыхтаваны відэаролік.
Павіншуйце Валянціна Стэфановіча з юбілеем!
14 кастрычніка намесніку старшыні “Вясны” і віцэ-прэзідэнту Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека споўніцца 50 гадоў.
Гэта другі дзень народзінаў, які праваабаронца будзе сустракаць не ў коле сям’і, сяброў і аднадумцаў, а за кратамі.
Павіншуйце яго з юбілеем паштоўкай, бандэролькай ці грашовым пераводам!
Адрас:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу
Кантрабанда і фінансаванне пратэстаў — палітзняволеным праваабаронцам “Вясны” ўзмацнілі абвінавачванні
Стала вядома, што крымінальная справа ў дачыненні Валянціна Стэфановіча, Алеся Бяляцкага,Уладзіміра Лабковіча і іншых вясноўцаў паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (нявыплата падаткаў) спыненая. Але ім выставілі новыя абвінавачванні ў кантрабандзе (незаконным перамяшчэнні праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай) паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса і фінансаванні групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Вядома, што прэтэнзіі дзяржавы застаюцца ўсё да той жа сумы грошай, якая фігуравала ў абвінавачванні за нясплату падаткаў. Тром палітзняволеным вясноўцам цяпер пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення. Іх працягваюць утрымліваць за кратамі.
Валянцін Стэфановіч даслаў на волю ліст, у якім падзяліўся сваім стаўленнем да высунутых абвінавачванняў паводле арт. 228 Крымінальнага кодэкса (“Кантрабанда”):
“Я закладнік, я палонны, і ўсё будзе вырашацца зусім па-іншаму. Таму мне не важна, што яны там мне ставяць у віну і малююць у гэтай справе. Вінавацяць мяне ў тым, што я дапамагаў людзям.
Ну хай пасадзяць мяне за гэта, за такое сядзець ганарова, мне — праваабаронцу. Я ганаруся гэтым! Гэта для іх я кантрабандыст, а для людзей я той, хто дапамагаў ім усе гэтыя гады. Так, гэта я! Я той, хто быў на сваім месцы, быў да канца”.
Апошнім часам няма навінаў ад праваабаронцы “Вясны” Уладзіміра Лабковіча.
Дасылайце лісты падтрымкі Уладзю:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу
Леанід Судаленкасустрэў свой Дзень народзінаў за кратамі
Кіраўнік Гомельскай філіі “Вясны” Леанід Судаленка сустрэў свой 56-ы дзень народзінаў за кратамі папраўчай калоніі № 3.
Дэпутат Бундэстага Канстанцін фон Нотц павіншаваў Леаніда Судаленку з Днём Народзінаў
Канстанцін з’яўляецца сімвалічным «хросным» Леаніда ў межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, якую ладзіць швейцарска-нямецкая праваабарончая арганізацыя Libereco.
Падтрымайце Леаніда лістамі і паштоўкамі:ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. ВіцьбаЛеаніду Леанідавічу Судаленку
Таццяна Ласіца — на волі!
Палітзняволеная валанцёрка “Вясны” Таццяна Ласіца была нечакана вызвалена з Гомельскай калоніі24 верасня. За кратамі яна прабыла агулам 1 год і 8 месяцаў.
Таксама стала вядома, што Леаніда Судаленку і Таццяну Ласіцу ўключылі ў “спіс экстрэмістаў”.
Нагадаем, Леанід і Таццяна былі затрыманыя ў студзені 2021 года. У лістападзе мінулага года суддзя Сяргей Салоўскі асудзіў Леаніда да 3 гадоў калоніі агульнага рэжыму, а Таццяну — да 2,5 гадоў.
Падтрымайце Марфу Рабкову і Андрэя Чапюка!
За кратамі ў СІЗА-1 ужо больш за два гады працягваюць утрымліваць каардынатарку Валанцёрскай службы “Вясны” Марфу Рабкову і валанцёра Андрэя Чапюка, асуджаных на 15 і 6 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Цяпер палітвязні прыкладана 3-4 месяцы будуць чакаць разгляду апеляцыйнай скаргі на прысуд. У гэты час кожны і кожная можа падтрымаць іх грашовымі пераводамі, а таксама пасылкамі з рознымі смачняшкамі і прыемнымі дробязямі, або праз збор на сайце BySol.
Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2Марыі Аляксандраўне Рабковай Андрэю Сяргеевічу Чапюку
Як яшчэ падтрымаць “вясноўцаў”?
1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам. Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:
Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.
2. Даслаць пасылку ці бандэроль з рознымі прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.
Нажаль, Леаніду Судаленку ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да яго ўступіў у сілу.
3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna.
4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!
5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перадамо яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.
6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы нашым калегам і каляжанкам у следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі.
Нажаль, Леаніду Судаленку ўжо нельга зрабіць грашовы перавод, бо прысуд у дачыненні да яго ўступіў у сілу.