
Як паведаміла ў сацсетках жонка гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына Вольга, пасля адбытага пакарання «карцарам» на 5 содняў палітвязень нарэшце атрымаў выпісаныя ім друкаваныя выданні, якія яму не перадавалі са жніўня месяца.
Вольга Івашына ў камэнтары праваабаронцам выказала меркаванне, што часовая блакада на газеты і часопісы была выкліканая, па-першае, спробай схаваць ад Івашына артыкулы ў прапагандысцкіх выданнях, датычныя працэсу супраць яго (заўв.: разгляд справы ў абласным судзе пачаўся 15 жніўня), каб, як тое, магчыма, меркавалі, журналіст не напісаў нейкую скаргу на іх аўтараў. Але то былі дарэмныя страхі, бо Дзяніс лічыць, што няма сэнсу скардзіцца адной руцэ рэжыму на іншую. А вось калі закон пачне зноў дзейнічаць у Беларусі і ў краіне адновіцца справядлівы суд, тады і надыйдзе час высвятлення праўды і выстаўлення рахункаў за абразы і палітычны пераслед.
Апроч таго жонка палітвязня лічыць, што, не дапускаючы да гарадзенца прэсу, служкі рэжыма хацелі пазбавіць Івашына інфармацыі пра падзеі, якія адбываюцца ў свеце і ў Беларусі, бо акурат са жніўня пачаліся першыя паспяховыя контратакі Украіны на фронце, а рэжым Лукашэнкі пазней пачаў прызнавацца ў сузлачынствах з рэжымам Пуціна. Але і тут служкі не дасягнулі сваіх мэтаў, бо інфармацыя нават за кратамі распаўсюджваецца досыць хутка, улічваючы колькасць палітычных зняволеных у гэтых «закрытых установах».
Таксама Дзяніс Івашын напрыканцы мінулага месяца даслаў сваёй жонцы ліст з віншаваннямі з нагоды 8-годдзя знаёмства.
Гэтае віншаванне досыць хутка выпусціла турэмная цэнзура, і ўжо прыкладна праз тыдзень ліст патрапіў да адрасаткі. У лісце Дзяніс узгадвае самы першы дзень, калі пабачыў Вольгу, што адчуў і як гэты дзень змяніў яго жыццё, прызнаецца ў каханні да жонкі і кажа, што яно толькі мацнее з кожным днём змушанага растання, і што іх каханне ўвогуле пераадолее ўсе цяжкасці і выпрабаванні, па сканчэнні якіх «затрыюмфуе».
