
Дзяржпрапаганда зладзіла пікет ля польскага кансулята ў Гародні. Арганізатары дапусцілі дзве сур’ёзныя памылкі
Услед за антыпольскімі заявамі вышэйшых дзяржаўных асобаў РБ гарадзенскія актывісты дзяржпрафсаюза, партыі «Белая Русь», арганізацыі ветэранаў ды іншыя вырашылі зладзіць мітынг супраць «агрэсіўнай палітыкі Польшчы ў дачыненні да Беларусі». Але арганізатары наўмысна «памыліліся» з лозунгамі і адрасатамі пасланняў.
Гэта не Польшча, а афіцыйны Менск тэрарызуе суседзяў нелегальнымі мігрантамі, дапамагаючы ім трапляць на суседнюю тэрыторыю Еўразвяза рукамі сваіх салдат-памежнікаў. Гэта не Польшча, а РБ праз нелегітымнага кіраўніка Лукашэнку надае сваю тэрыторыю для агрэсіі РФ супраць суседняй Украіны і плануе павялічыць кантынгент расейскіх вайскоўцаў у краіне пад выглядам «пашыранай групоўкі войск». Гэта не Польшча, а вандалы рэжыму Лукашэнкі знішчаюць польскія вайсковыя могілкі. Урэшце не Польшча, а РБ пабудавала ў непасрэднай блізкасці ад межаў РП і ў самым сейсманебяспечным месцы атамную электрастанцыю, якая не працавала нармальна хіба ніводнага дня, пастаянна выходзіць з ладу, і нагадвае хутчэй як сродак легалізацыі «бруднай ядравай зброі» ці расейскіх ядравых ракет, якія сюды могуць прывезці пад выглядам паліва для АЭС.
Апроч гэтага, удзельнікаў акцыі чамусці павялі не да ўваходу ў Генкансулят, а да тых дзвярэй, дзе ўваход месціўся некалькі гадоў таму. І пасля гэтага прапагандысцкі тэлеграм-канал шчыра здзіўляецца, чаму да іх не выйшаў пан Анджэй Рачкоўскі? Проста адэкватным людзям было незразумела, да каго таварышы наогул прыйшлі і што хацелі данесці.
Паводле фота і відэа удзельнікаў акцыі з апушчанымі ў дол вачыма, сонечнымі акулярамі, каптурамі і медыцынскімі маскамі можна меркаваць, што збіралі на мітынг «дабраахотна-прымусова» розных бюджэтнікаў і студэнтаў, пра што і паведамлялі раней гарадзенскія СМІ. Нешматлікіх Ідэйных актывістаў гэта не датычыць, яны там зараблялі сабе рэпутацыю верных служак сістэмы і рупараў дзяржпрапаганды.


