
У праваабаронцы «Вясны» Валянціна Стэфановіча сёння, 14 кастрычніка, юбілей. Але свае 50 ён сустракае ў камеры СІЗА на Валадарцы.
Валянцін мог з´ехаць, але не захацеў. Бо бачыў, як масава і татальна ўлады парушалі правы людзей. Ён ведаў, што патрэбны тут, у Беларусі. І гэтага ўлады не даравалі, кажа яго жонка Аліна:
– Я Валянціну казала, што пара ехаць. Ён казаў, што не можа, давай я цябе вывезу з дзецьмі, а я не магу, столькі людзей пасадзілі, садзяць, і мая праца, як праваабаронцы, быць з людзьмі, дапамагаць ім пакуль я магу, наколькі магу. А я яму казала: ну куды я паеду з дзецьмі. Ну і ўрэшце адной прыйшлося з’ехаць.
Валянцін Стэфановіч (https://prisoners.spring96.org/be/person/valjancin-stefanovicz) — сябра Рады «Вясны», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH). З’яўляецца адным з вядомых экспертаў і аналітыкаў у сферы правоў чалавека, выступае за недыскрымінацыю і супраць смяротнага пакарання. За кратамі Валянціна ўтрымліваюць ужо 15 месяцаў.
Ён быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года і абвінавачваецца ў кантрабандзе паводле ч. 4 арт. 228 КК і фінансаванні групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, паводле ч. 2 арт. 342 КК. Яму пагражае да 12 гадоў зняволення.
Як павіншаваць Валянціна:
Зрабіць грашовы перавод;
Даслаць пасылку з рознымі прыемнымі дробязямі;
Падтрымаць тэлеграмамі і заказнымі лістамі.