У судзе Ленінскага раёна Гародні 6 кастрычніка абвешчаны прысуд Паўлу Клапатку, звінавачанаму ў абразе і паклёпе на Лукашэнку, а таксама ў знявазе дзяржаўных сімвалаў.

Справу разглядаў суддзя Генадзь Мазайла.

Як устаноўлена ў час судовага следства, абвінавачаны “са снежня 2020 года па чэрвень 2022 года ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” на сваёй старонцы размясціў публікацыі з выявамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у якіх з выкарыстаннем  ненарматыўнай лексікі прынізіў гонар і годнасць пацярпелага”.

Ён жа ў снежні 2020 года размясціў лічбавую выяву з спалучэннем чырвонага фону і свастыкі зялёнага колеру з арнаментам, чым здзекаваўся з дзяржаўнага сцягу Рэспублікі Беларусь.

Акрамя таго, Павел Клапаток у студзені 2021 года “размясціў абразлівыя публікацыі з выявамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у тэкстах якіх абвінавачваў яго ў здзяйсненні цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў”.

Суд пастанавіў, з улікам прадстаўленых дзяржаўным абвінаваўцам доказаў,  на падставе ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса, а таксама ч. 2 арт. 367 і арт. 370 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прызнаць Клапатка вінаватым і па сукупнасці злачынстваў прызначыць яму канчатковае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін тры гады з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.