Мілітарызацыя цывільнага жыцця ў РБ дабралася і да свята матуляў.

Працаўнікі лідскага ваенкамату ў Дзень маці вырашылі наведаць матуляў загінулых у Афганістане савецкіх жаўнераў, якія паходзілі з райцэнтру. Вайскоўцы прыходзілі да немаладых ужо кабетаў, якія страцілі сыноў на бессэнсоўнай вайне імперыі за сваю гегемонію ў тым рэгіёне, канешне ж не з пустымі рукамі. Аднак асаблівай кемлівасцю ваякі не адзначыліся. Супрацоўнікі ваенкамата не прыдумалі нічога разумнейшага, каб прывітаць маці загінулых сярод іншага… бутэлькамі з лідскім півам. У прыватнасці на надрукаваным у «Лідскай газеце» фотаздымку бачныя пластыкавыя бутэлькі «Лідскае. Легенда» і «Koronet. Stout».

Якой логікай кіраваліся вайскоўцы, набываючы гэтыя, прабачце, пачастункі, меркаваць цяжка. Узгадваецца толькі класік расейскай літаратуры Пушкін, з ягоным несмяротным вершам «Зимний вечер» («Выпьем з горя; где же кружка?»). Верагодна яны хацелі такім чынам усцешыць старэчае сэрца гаротных матуляў, так бы мовіць прытупіць боль ад страты сыноў ці нешта падобнае. Але абраны прадукт усё ж выглядае даволі… экстравагантна. Лепей бы ўжо дроваў накалолі кабетам, болей карысці было.