
11 кастрычніка ад атрыманых траўмаў памёр беларускі студэнт евангельскага багаслоўя Хрысціянскай тэалагічнай акадэміі ў Варшаве Міхаіл Шавельскі. Яму быў 21 год.
Да прыезду ў Польшчу ён вывучаў псіхалогію ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце, быў адлічаны па палітычных матывах і павінен быў быць прызваны ў беларускае войска, паведамляе прэс-служба Евангельска-аўгсбургскай царквы ў Польшчы.
Са студзеня 2021 года пачаў сваё багаслоўскае навучанне ў Польшчы, у Хрысціянскай тэалагічнай акадэміі ў Варшаве.
Даведаўшыся пра напад Расеі на Украіну, Міхаіл перапыніў вучобу і пастанавіў выправіцца на вайну для падтрымкі ўкраінскіх ваяроў, паведамляе царква.
Паводле крыніцы «Радыё Свабода», хлопец быў смяротна паранены, калі поўз па полі бою, каб дапамагчы параненаму.
Светлая і вечная памяць герою!