Shaman прыедзе перарабляць гарадзенцаў на «рускіх»

Аўтар і выканаўца некалькіх патрыятычных расейскіх песняў збіраецца наведаць з канцэртам каралеўскі горад колішняга ВКЛ і паўночную сталіцу БНР.

Яраслаў Дронаў – колішні ўдзельнік шоў «Фактар А» і «Голас», сярэдненькі выканаўца поп-рок індустрыі расейскага шоў-бізнэсу, чыя кар’ера рэзка пайшла ў гару пасля напісаных ім у 2022 годзе спеваў «Встанем» (люты) і «Я русский» (ліпень). Дагэтуль асаблівым патрыятызмам спявак не вылучаўся, а характэрызаваўся болей прагай свайго праслаўлення, кар’ерызмам і прагматычным разлікам, звычайна не ўласцівым сапраўдным дзеячам культуры і мастацтва. Адсюль, напэўна, і яго творчы псеўданім Shaman, які выяўляе жаданне ўздзейнічаць на аўдыторыю, накіроўваць яе пачуцці і памкненні у патрэбным спеваку (ці камусці іншаму) кірунку.

Згаданыя вышэй песні адназначна з’яўляюцца маніфестам «русского мира» усяму астатняму чалавецтву пра нібы выбранасць і боганатхнёнасць расейскай нацыі ахвярных змагароў за чужую свабоду (бо самі ж яны абсалютна свабодныя, канешне). Рускія для Дронава – унікальны этнас, які супрацьстаіць усім іншым нацыям і народнасцям, а роўна ж цывілізацыям Сусвету, бо, як ён спявае ў апошнім сваім спеве, «Я русский, всему миру на зло». Менавіта так «на зло» (!), не дзеля супольнага дабра чалавецтва на планеце, а выключна на зло ўсім вакол быў, ёсць і будзе такім, якім ёсць, і змяняцца не збіраецца.

І вось гэты папулярызатар і трошкі ідэолаг «рускага свету» 16 кастрычніка прыязджае ў заходнебеларускі горад Гародню, каб спяваць расейскія патрыятычна-шавіністычныя песні. Відавочна, што тут ён чужародны элемент поп-культуры, аднак менавіта той стыль, якім спявае Дронаў, досыць папулярны сярод моладзі сваёй прымітыўнасцю тэкстаў і а-ля рокавым налётам выканання.

Усё гэта схіляе да высновы, што менавіта зараз, калі унутрыпалітычная сітуацыя ў Беларусі даволі напружаная, а дзяржпрапаганда з скуры навонкі вылузваецца, каб не адставаць ад мілітарысцкага шалу прапаганды расейскай, спрабуючы і беларусаў нацкаваць супраць усяго свету, малюючы вобраз аточанай крэпасці, падобныя прапагандысты ад культуры засылаюцца для завалодання розумамі і сэрцамі жыхароў краіны і скіравання закумуляванага натоўпу ў патрэбным імперскай ваеншчыне кірунку. Таму раім гарадзенцам быць асцярожней з рознымі расейскімі «шаманамі» і ўхіляцца самім ды засцерагаць сваіх дзяцей ад паходаў на іх канцэртныя шабашы.