Пра тое чым займаюцца цяперашнія “дэпутаты” Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь і як яны разумеюць парламенцкія абавязкі яскрава сведчыць іх цяперашняя дзейнасць. Карэліцкая раённая газета “Полымя” паведамляе, што 13 кастрычніка ў магазіне “Мірскі” мястэчка Мір Карэліцкага філіялу Гарадзенскага аблспажыўтаварыства маніторынг правялі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін і Людміла Жалнерчык (на фота).

Падобнае адбываецца і ў іншых раёнах вобласці. Так “дэпутаты” Астравецкага раённага савету правяралі цэны ў мястэчку Варняны.

6 кастрычніка Лукашэнка па выніках нарады аб цэнавай сітуацыі ў краіне падпісаў дырэктыву № 10 «Аб недапушчальнасці росту цэн». Дакумент прыняты ў мэтах аператыўнага рэагавання на сітуацыю на спажывецкім рынку. Такім чынам з 6 кастрычніка ў краіне ўведзены мараторый на падвышэнне цэнаў. За выкананнем дырэктывы на месцах сочаць прадстаўнікі Камітэта дзяржкантролю, прафсаюзы і “дэпутаты” розных роўняў. Людзі, якія павінны паводле заканаўства і падзелу галінаў улады займацца законатворчасцю пераўтвораны ў кантралёраў цэнаў!