Перад абвешчаннем прысуду па «справе Аўтуховіча» была затрыманая адна з адвакатаў абвінавачаных Яніна Юргілевіч, маці Юліі Юргілевіч (затрыманая пасля вяртання ў Беларусь 30 жніўня). Яніна Эдуардаўна абараняла Сяргея Рэзановіча, святара РПЦ. Бус з супрацоўнікамі КДБ чакаў яе на рагу вуліцы ля турмы, куды яна так і не дайшла. Якой-небудзь інфармацыі пра прычыну затрымання няма. Раней з’яўлялася паведамленне пра тое, што падчас затрымання дачкі Яніны Юргілевіч і ператрусу аператыўнікі мелі намер затрымаць і яе саму, але ўсё ж не сталі таго рабіць. І вось праз паўтары месяцы схапілі і Яніну Эдуардаўну.

Паводле таго, што затрымліваў яе УКДБ па Гарадзенскай вобласці, можна меркаваць, што ёй збіраюцца інкрымінаваць нейкі крымінальны артыкул, магчыма звязаны з прафесійнай дзейнасцю.

Гэта ўжо не першае затрыманне ў шэрагах адвакатаў, што абаранялі палітвязняў. Рэжым Лукашэнкі планамерна рэпрэсуе ня толькі сваіх асабістых ворагаў, але і іх абаронцаў. Звычайнай практыкай сталася затрыманне адакатаў пасля палітычна матываваных прысудаў іх падабаронным, але ўчора, як бачым, служкі вырашылі змяніць тактыку і правялі затрыманне яшчэ да завершання працэсу.

Магчыма затрыманне Яніны Юргілевіч з’яўляецца спробай псіхалагічнага ціску на Юлію Юргілевіч, каб схіліць яе да супрацы са «следствам», ад чаго яна, хутчэй за ўсё, адмаўляецца.