Паводле практыкі, якая склалася ў так бы мовіць судова-пенітэнцыярнай сістэме РБ ад моманту абвяшчэння прысуду і да набыцця ім юрыдычнай моцы раз на месяц абвінавачаны мае права сустракацца з роднымі. Гэтай магчымасцю і скарысталіся бацькі гарадзенскага журналіста-палітвязня Дзяніса Івашына. Заяву на адрас абласнога суда прынялі і ўхвалілі, таму 19 кастрычніка Івашын спаткаўся з маці і айчымам.

У час сустрэчы Дзяніс расказаў пра тое, што перад тым, як змясціць яго ў карцар, працаўнікі турмы праводзілі некалькі ператрусаў у камеры і забралі апроч паліто ўсе яго шапкі, а ў самым карцары ноччу было вельмі халадно. Як напісала ў сацсетках жонка палітвязня Вольга Івашына, гэта можна расцэньваць як катаванне холадам, магчыма, у якасці помсты за прынцыповую пазіцыю Івашына наконт няўдзелу ў «судовым» працэсе і раскрыццё матар’ялаў «следства» падчас папярэдняга спаткання з бацькамі.

Нагадаем, што журналіст быў арыштаваны КДБ 12 сакавіка 2021 года. Яму інкрымінаваліся спачатку артыкул 365 КК РБ (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў), а пазней яшчэ ч.1 арт. 356 КК РБ (здрада дзяржаве). У жніўні-верасні бягучага году Гарадзенскі абласны «суд» разгледзеў крымінальную справу супраць Івашына ў закрытым рэжыме і абвесціў яму «прысуд» на 13 год і 1 месяц пазбаўлення волі ва ўзмоцненым рэжыме адбыцця пакарання, а таксама штраф на 150 базавых велічынь (4800 беларускіх рублёў).