
У Гародні затрымалі даследчыцу праваслаўя, кандыдата гістарычных навук, дацэнта Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Святлану Сілаву. Як піша «Хрысціянская візія», паслязаўтра чакаецца суд над ёй.
Папярэдне вядома, што Святлане Сілавай могуць паставіць у віну «захоўванне і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Сілава з 2000 года працуе на кафедры гісторыі Беларусі ГрДзУ, з’яўляецца намесніцай загадчыка кафедры па вучэбнай працы.
Сілава — прадстаўніца вядомай у Беларусі гістарычнай школы прафесара Якава Мараша. У кола навуковых інтарэсаў Святланы Сілавай уваходзіць гісторыя Праваслаўнай царквы ў Беларусі. Яшчэ ў 2005 годзе Беларускі экзархат выдаў яе працу «Крыжовы шлях: Беларуская Праваслаўная Царква ў перыяд нямецкай акупацыі 1941-1945 гадоў».
Каля 15 гадоў Святлана Сілава на грамадскіх пачатках супрацуе з Гарадзенскай епархіяй як навуковы эксперт. Гісторык брала ўдзел і арганізоўвала дзясяткі мерапрыемстваў, актыўна развівала супрацу Гарадзенскага ўніверсітэта з Менскай духоўнай семінарыяй у Жыровічах. Акрамя таго, Сілава ёсць сябрам епархіяльнай камісіі па кананізацыі святых.