
18 кастрычніка праваабарончыя арганізацыі Беларусі прынялі заяву аб прызнанні яшчэ 9 чалавек палітвязнямі. У заяве гаворыцца наступнае:
“Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, адзначаем, што ўлады злоўжываюць магчымасцямі крымінальнага заканадаўства і прымяняюць да пратэстоўцаў празмерна жорсткія меры адказнасці, звязаныя са зняволеннем на працяглы тэрмін за здзяйсненне дзеянняў, якія не пацягнулі цяжкіх наступстваў. У прыватнасці, кваліфікацыя дзеянняў як тэрарызму заведама не адпавядае таму, што, у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, павінна ўкладвацца ў гэта паняцце…”.
У заяве адзначаецца прысуд па так званай “справе Аўтуховіча”:
“17 кастрычніка 2022 года вынесены прысуд у дачыненні да:
Мікалая Аўтуховіча, якім ён паводле ч. 3 арт. 285 КК (стварэнне злачыннай арганізацыі і ўдзел у ёй); ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 КК (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам); ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве); ч. 3 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы); ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь); ч. 1 арт. 14 , ч. 1 арт. 290-2 КК (замах на ўцягванне ў тэрарыстычную дзейнасць); ч. 3 арт. 289 КК (акт тэрарызму і падрыхтоўка да яго); ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, у тым ліку падрыхтоўка да такіх дзеянняў); ч. 3 арт. 333-1 КК (незаконнае перасоўванне праз мытную мяжу ЕАЭС і дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі, камплекты боепрыпасаў да яе, выбуховых рэчываў, выбуховых прылад); ч. 1 арт. 295-3 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў) асуджаны да дваццаці пяці гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў памеры 32 000 беларускіх рублёў;
Паўла Савы, якім ён паводле ч. 2 арт. 285 КК і ч. 3 арт. 289 КК асуджаны да пазбаўлення волі тэрмінам на дваццаць гадоў у папраўчай калоніі і штрафу;
Віктара Снегура, якім ён паводле ч. 2 арт. 285 КК, ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357, ч. 4 арт. 295 КК, ч. 3 арт. 333-1 КК асуджаны да пазбаўлення волі тэрмінам на дзевятнаццаць гадоў у папраўчай калоніі і штрафу;
Ірыны Гарачкінай, якім яна паводле ч. 3 арт. 295 КК і ч. 1 арт. 405 КК (укрывальніцтва цяжкага злачынства) асуджана да пазбаўлення волі тэрмінам на шэсць гадоў і адзін месяц у папраўчай калоніі і штрафу.
Гэтым жа прысудам асуджаны да пазбаўлення волі Вольга Маёрава, Уладзімір Гундар, Сяргей Рэзановіч, Любоў Рэзановіч, Павел Рэзановіч, Галіна Дзербыш, Ірына Мельхер, якія раней былі прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітычнымі зняволенымі з патрабаваннем забеспячэння справядлівага разгляду справы ў судзе і змены меры стрымання.
Паказаныя патрабаванні выкананы не былі, судовы разгляд у дачыненні да ўсіх абвінавачаных адбыўся з надзвычай грубымі парушэннямі прынцыпаў справядлівага суда і працэсуальных правоў абвінавачаных, у адсутнасць незалежнасці і аб’ектыўнасці, фактычна ў закрытым і часткова — у закрытым судовым пасяджэнні, ва ўмовах ігнаравання судом заяў абвінавачаных пра ўжыванне катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання, у адсутнасць сапраўднай спаборнасці бакоў і бесстаронняй ацэнкі доказаў.
Гэта пацягнула (або выкарыстоўвалася дзеля ўтойвання сапраўдных нагодаў прымяніць) неправамерна жорсткую кваліфікацыю дзеянняў усіх абвінавачаных і прызначэнне ўсім ім надзвычай суровага пакарання.
Такім чынам, у нас няма падставаў змяняць ацэнкі і патрабаванні да прысуду ў дачыненні да абвінавачаных, ужо прызнаных палітвязнямі; адначасова ў сувязі з вышэйпададзенымі акалічнасцямі з’явіліся падставы патрабаваць перагляду прысуду ў дачыненні да астатніх абвінавачаных.
Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, не апраўдваючы дапушчальнасць выкарыстання абвінавачанымі гвалтоўных і небяспечных метадаў, тым не менш сукупнасць выкладзеных акалічнасцяў дазваляе прыйсці да высновы пра існаванне палітычнага матыву пераследу абвінавачаных. Мы лічым, што судовыя рашэнні прынятыя з палітычных матываў у парушэнне асноватворных прынцыпаў справядлівага правасуддзя”…
Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем аб прызнанні палітычнымі зняволенымі Андрэя Будая, Аляксандра Мураўёва, Аляксандра Сідарэнкі, Мікалая Бібліса, Юрыя Зянковіча, Мікалая Аўтуховіча, Паўла Савы, Віктара Снегура, Ірыны Гарачкінай. У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
- перагледзець вынесеныя ў дачыненні да згаданых палітвязняў прысуды пры выкананні права на справядлівы разгляд і ўхіленні фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзеянняў, від і памер пакарання;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных вязняў, пераглядзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Прававая ініцыятыва;
Беларускі Хельсінкскі камітэт;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Беларускі ПЭН;
БАЖ;
Human Constanta;
Lawtrend.