Беларускі паэт, тэлежурналіст Юрка Голуб нарадзіўся 20 кастрычніка 1947 года ў вёсцы Горна (Зэльвенскі раён). Паходзіў з сялянскай праваслаўнай сям’і. Скончыў Зэльвенскую сярэднюю школу. Далей вучыўся на філалагічным факультэце БДУ, які скончыў у 1970 годзе. Пазней згадваў пра час вучобы на філфаку: «Калі я быў студэнтам, я не надаваў гэтаму асаблівай увагі. Потым, на адлегласці, калі набываўся жыццёвы досвед, БДУ ўбачыўся ў больш прывабным святле. Я проста ўдзячны лёсу, што трапіў у тое ўніверсітэцкае асяроддзе. У той час, у 1960-ыя гады, гэта быў адзіны ўніверсітэт у Беларусі, і гэта надавала гонару кожнаму з нас, у тым ліку маім сябрам па паэтычным цэху».

Юрка Голуб у маладосці

З 1970 года Юрка Голуб жыў у Гародні. З 1978 года стаў загадчыкам аддзела культуры абласной газеты «Гродзенская праўда». Выдаў некалькі нумароў часопіса «Галасы», куды ўключаліся творы з літаратурнай старонкі абласной газеты. З 1979 года – загадчык аддзела мастацкага вяшчання Гродзенскага абласнога тэлебачання і радыё, вядоўца тэлепраграмы «Гродзеншчына літаратурная».

Друкавацца пачаў у раённым друку ў 1963 годзе, у агульнабеларускім – у 1965 годзе. Выдаў зборнікі паэзіі «Гром на зялёнае голле» (1969), «Дрэва навальніцы» (1973), «Векапомнае поле» (1976), «Помню пра цябе» (1983), «Сын небасхілу» (1989), «Поруч з дажджом» (2001), «Зажураны камень. Трыялеты» (2002), «Брама зімы» (2004) і «Багра» (2006). «Зажураны камень» – першы і пакуль адзіны ў беларускім пісьменстве паэтычны зборнік, які цалкам складзены з вершаў класічнага жанру – трыялетаў. Гэтая кніга паўстала пад уплывам Максіма Багдановіча, чыя творчасць заўсёды вабіла гарадзенскага паэта, пра што ён сам напісаў у невялікай прадмове.

Як адзначаў літаратуразнавец і старэйшы сябра Голуба Аляксей Пяткевіч, «вершам паэта ўласціва вострае адчуванне драматызму сучаснасці, шчодрасць душэўнага самавыяўлення, валоданне сваім творчым голасам, непаўторнай манерай пісьма, якая вызначаецца лаканічнасцю, багатай асацыятыўнасцю, яркай метафарычнасцю, натуральнасцю рытміка-інтанацыйнага прамаўлення».

Месца гарадзенскага паэта ў нашай сучаснай літаратуры своеасаблівае, адметнае. Так, яно параўнальна сціплае ў шэрагу тых выбітных творцаў ягонага пакалення, што заявілі пра сябе гучна, ярка, з-за характару таленту і не ў апошнюю чаргу з-за чалавечай сціпласці.

У вершах Юркі Голуба – свет сучасніка, які абвострана адчувае праявы жыцця. Шчырасць лірычнага самавыяўлення, лаканічнасць выказвання, яркая метафарычнасць вобразаў, багатая інструментоўка радка – асаблівасці яго творчай манеры.

Вершы Юркі Голуба перакладзены на літоўскую мову (Е. Марцінкевічам), рускую (В. Шленскім, В. Чэкіным, І. Бурсавым, Н. Кіслікам, Л. Хауставым, Б. Пчалінцавым, І. Сяргеевым), украінскую (Л. Танюком, Р. Кочурам, Я. Брынцавым, С. Літвіным, М. Сінгаіўскім), польскую мовы (Я. Леанчуком). На польскай мове у перакладзе Яна Леанчука ў 2006 годзе выйшла кніга «З-над Нёманскіх старон». Голуб таксама аўтар кнігі для дзяцей «У бары грыбы бяры» (1986). Паэт быў сябрам Саюзу пісьменнікаў з 1971 года. 10 гадоў узначальваў Гродзенскую абласную арганізацыю Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова.

Памёр Юрка Голуб 12 кастрычніка 2020 года ў Гародні ў шпіталі. Перад гэтым невядома пры якіх абставінах там апынуўся. Адпявалі паэта ў Каложскай царкве, пахавалі ў роднай вёсцы.