
21 кастрычніка ў судзе Ленінскага раёна Гародні агучаны вырак былому працаўніку прадпрыемства “Гродна Азот” Эдуарду Ісаеву. Яго засудзілі да 3,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыма паводле ч. 2 арт. 367 і ч. 2 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.
Дзяржабвінаваўца прасіў пакараць яго яшчэ большым на паўгода тэрмінам. Справу “разгледзеў” суддзя Генадзь Мазайла.
Вядома, што Ісаева прызналі вінаватым у тым, што ён паставіў лайк пад постам з выявай Аляксандра Лукашэнкі ў суполцы “Стоплука” у сацсетцы “Аднакласнікі”.
Ісаеў быў затрыманы 25 чэрвеня 2022 года паводле арт. 19.11 КаАП за распаўсюд “экстрэмісцкай” інфармацыі, яго засудзілі на 10 сутак арышту. Пасля заканчэння адміністрацыйнага арышту яго ўзялі пад варту ўжо паводле крымінальнага артыкула. Дома ў яго засталіся жонка і маленькія дзеці.