
21 кастрычніка ў судзе Ленінскага раёна Гародні агучаны вырак жыхару Пінска Паўлу Малітвіку. Мужчыну прызналі вінаватым паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса і арт. 369 Крымінальнага кодэкса і засудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Таксама ён мусіць выплаціць “пацярпелым” кампенсацыю маральнай шкоды: 1000 рублёў — Андрэю Комару, 1500 рублёў — Віктару Казлоўскаму.
Малітвіка прызналі вінаватым у тым, што ў траўні 2020 года ён напісаў два каментары, якія абразілі супрацоўнікаў гарадзенскай міліцыі. За каментар у бок Казлоўскага дзяржабвінавачанне папрасіла пакараць Малітвіка 1,5 гадамі абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ — “хіміі”, а за выказванне ў бок Комара — двума гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Выніковае пакаранне на два гады пазбаўлення волі атрыманае шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім.
Вядома, што Паўла Малітвіка затрымалі другога верасня 2022 года.