Сталі вядомыя падрабязнасці арышту двух падлеткаў у Гародні. Раней мы паведамлялі, што ў горадзе над Нёманам затрымалі двух падлеткаў, якія залілі вадой “Вечны агонь” каля помніка савецкім салдатам і партызанам.

Цяпер з’явіліся падрабязнасці. На дзяржаўным тэлеканале ОНТ паказалі сюжэт пад назвай “Цинизм на пределе”, дзе падлеткаў называюць “антигероями нашего времени”. Адзначаецца, што іх асобы ўдалося высветліць праз гадзіну пасля публікацыі відэа. Назаўтра абодвух затрымалі.

Вядома, што затрыманым 14 і 15 гадоў. Свае дзеянні яны знялі на відэа, якое пазней выклалі ў інтэрнэт. На наступны дзень іх узялі пад варту на вачах у іншых школьнікаў. 24 кастрычніка канваіры даставілі іх у кайданках у школу, у якой вучыцца адзін з хлопцаў. У актавай зале навучальнай установы сілавікі правялі паказальны працэс аб выбары меры стрымання. На вачах аднакласнікаў падлеткам выставілі абвінавачанне, узялі пад варту і вывезлі ў ізалятар.

Супраць іх пачалі крымінальную справу па артыкуле “Злоснае хуліганства”, максімальная санкцыя па якой – шэсць гадоў зняволення. Гэта артыкул 339 Крымінальнага кодэксу РБ, частка 2.

Справа відавочна мае палітычны падтэкст, паколькі дзеянні хлопцаў можна было б кваліфікаваць як звычайнае хуліганства па частцы 1 згаданага артыкулу (з адпаведна меншым дыяпазонам магчымага пакарання), а нават можна і варта было б кваліфікаваць паводле кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях, але сілавікі абралі не столькі юрыдычную, колькі ідэалагічную трактоўку дзеянняў юнакоў і зладзілі пастаноўку арышту ў духу сталінскага часу.