
Колішні палітвязень, гарадзенскі рок-музыка і анархіст Ігар Банцэр пасля доўгіх развагаў усё ж прыняў рашэнне і напрыканцы кастрычніка выехаў у Польшчу. Цяпер ён знаходзіцца ў Варшаве і плануе вярнуцца да музычнай кар’еры і грамадскай актыўнасці. У першым пасля эміграцыі інтэрв’ю M*st Банцэр расказаў пра рэпрэсіі супраць яго, спробы ўладкавацца пасля пераследу, змены ў Беларусі і рашэнне пра пераезд.
Ігар Банцэр быў «засуджаны» за пэрфоманс у стрынгах перад міліцэйскай машынай да 1,5 год «хіміі» пасля 5 месяцаў у СІЗА і працяглай галадоўкі, якая сур’ёзна папсавала музыку здароўе. Аднак за свой учынак ён усё ж выбачыўся некалькі разоў перад міліцыянтам і лічыць, што ягоныя паводзіны былі амаральнымі і непрыстойнымі.
Падчас адбыцця «хіміі» Ігару ўзмацнілі прызначанае пакаранне, перавёўшы яго на два месяцы ў калоніі, аднак абаронца абскардзіў гэтае рашэнне і Банцэра вярнулі назад, аднак, пасадзілі ў ШІЗА, адкуль і вызвалілі 17 снежня 2021.
На шматлікія парады і просьбы сваякоў і сяброў пра эвакуацыю з Беларусі праз пагрозу новых арыштаў, музыка адказваў адмоўна, спрабаваў уладкаваць жыццё і творчасць у Беларусі наноў. Аднак 4 жніўня 2022 года яго зноўку арыштавалі і пратрымалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матар’ялаў» агулам 45 содняў у ізалятары на вул. Акрэсціна ў Менску. Пасля гэтага Банцэр прыняў рашэнне выехаць з Беларусі. Апошняй кропляй стаўся не страх новых рэпрэсіяў, а адсутнасць перспектываў у краіне.
«Зараз у Беларусі банальна няма кан’юнктуры і плюралізм як такі адсутнічае. Калі мы кажам пра палітычны спектр, то я са сваімі левымі поглядамі зусім не ўпісваюся. І ўсе гэтыя размовы засмучваюць – з супрацоўнікамі міліцыі і ГУБАЗіК. Калі проста ў вочы табе кажуць, што ты не падыходзіш, у нашай рэчаіснасці абсалютна непатрэбны элемент, гэта вельмі цяжка. І вяртацца ў Беларусь з усведамленнем таго, што, магчыма, ты там нікому не патрэбны, акрамя самых блізкіх людзей… Я два гады не быў у Варшаве, а калі сюды прыехаў – тут больш знаёмых і сяброў. І тут я сябе адчуваю больш камфортна, на жаль».