26 кастрычніка ў сталіцы была затрыманая жыхарка Лідскага раёна. Міліцыянты сцвярджаюць, што 26-гадовая дзяўчына наконадні разам з новым знаёмым, 19-гадовым менчуком, прагульвалася па вуліцы Зыбіцкай у Менску і, убачыўшы сцяг РБ на адным з будынкаў (забаўляльная ўстанова), вырашыла яго сарваць і кінуць на зямлю. Таксама супрацоўнікі міліцыі заяўляюць, што маладая асоба была ў той момант была ў нецвярозым стане.

Пазней сілавікі адшукалі дзяўчыну, затрымалі і распачалі супраць яе крымінальную справу паводле арт. 370 КК РБ (здзек з дзяржаўных сімвалаў) і нават арганізавалі следчыя дзеянні з яе ўдзелам.

Таксама міліцыянты дапыталі маладзёна, які быў з дзяўчынай у момант здарэння. Паводле яго словаў, паводзіны новай знаёмай яго здзівілі і былі абсалютна нечаканымі, бо яны ў размове не закраналі палітычныя погляды адно аднаго і не абмяркоўвалі ніякіх палітычных тэмаў. Адзначым пры гэтым, што і перашкаджаць дзяўчыне рэалізаваць задуманае ён не стаў, а проста працягнуў суправаджаць яе падчас вечаровага шпацыру.

Асоба дзяўчыны ці нейкія іншыя падрабязнасці справы невядомыя.