Менскі гарадскі суд 27 кастрычніка абвесціў прысуд па крымінальнай справе, заведзенай на незалежнага журналіста, палітзняволенага Аляксандра Любянчука.

Яго абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзелу ў ім (ч.3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядала суддзя Алена Ананіч.

Палітзняволенага Аляксандра Любянчука затрымалі 26 траўня 2022 года пасля ператрусу ў ягоным доме ў вёсцы Крывічы на Іўеўшчыне. 

Журналіст Аляксандр Любянчук трапляў пад арышт за працу на акцыях пратэсту пасля “выбараў” 2020 года. Апошнія гады ён шмат займаўся дабрачыннасцю, дапамагаў дзецям-сіротам, арганізоўваў турыстычныя паходы і аднаўляў гісторыка-культурную спадчыну Наваградчыны.

З лістоў журналіста на волю вядома, што ў СІЗА №1 Мінска, дзе яго ўтрымлівалі да суда, у Любянчука значна пагоршылася здароўе.

Судовы працэс пачаўся 24 кастрычніка.

Сёння суд прызнаў журналіста вінаватым і пакараў яго пазбаўленнем волі тэрмінам на тры гады ва ўмовах калоніі агульнага рэжыму.