PHOTO: PIOTR BLAWICKI (фота мае ілюстрацыйны характар)

У дакуменце таксама змяшчаецца заклік да міжнароднай супольнасці падтрымаць Міжнародны крымінальны суд, які расследуе датычнасць канкрэтных асоб да здзяйснення злачынстваў ва Украіне.

Усе прысутныя сенатары прагаласавалі за рэзалюцыю пра прызнанне ўлады РФ тэрарыстычным рэжымам.

Сенат у рэзалюцыі падкрэсліў, што 24 лютага 2022 года ўзброеныя сілы Расейскай Федэрацыі развязалі «жорсткую вайну з Украінай». «Яе мэта — сцерці з карты суверэнную краіну і знішчыць украінскую нацыю», падкрэсліваецца ў дакуменце.

У рэзалюцыі таксама сказана, што «гераічная абарона незалежнасці грамадзянамі Украіны выклікала захапленне ўсяго свабоднага свету».

«Украіна — самае важнае месца сёння, якое абараняе дэмакратыю і свабоду. Расейскія акупанты тэрарызуюць жыхароў украінскіх гарадоў, бамбяць грамадзянскія аб’екты: дзіцячыя сады, школы, тэатры і жылыя масівы. Бандыты ў расійскай форме катуюць і забіваюць ваеннапалонных і мірных жыхароў на акупаваных тэрыторыях. Выкрадаюць украінскіх дзяцей, каб выхаваць з іх янычараў рэжыму. Яны дэпартуюць, перасяляюць і адпраўляюць грамадзян Украіны на далёкую перыферыю Расеі», гаворыцца ў прынятай польскім сенатам рэзалюцыі.

Раней парламенты Эстоніі і Латвіі прызналі Расею «дзяржавай — спонсарам тэрарызму». А Парламенцкая асамблея Савета Еўропы па выніках тэрміновых дэбатаў па тэме «Новае абвастрэнне агрэсіі Расейскай Федэрацыі супраць Украіны» прыняла рэзалюцыю, у якой абвясціла рэжым РФ тэрарыстычным.

Украіна заклікае краіны свету прызнаць Расею тэрарыстычнай дзяржавай. У адміністрацыі ЗША заяўлялі, што не гатовыя падтрымаць прызнанне Расеі спонсарам тэрарызму, паколькі Белы дом лічыць, што такое прызнанне цалкам спыніць магчымасці супрацоўніцтва з Расіяй у крытычных галінах. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон таксама выказаўся супраць.