Бацькі Дзяніса Івашына падзяліліся з праваабаронцамі вершам, які журналіст даслаў у лісце да маці напярэдадні «крыштальнай ночы» беларускай літаратуры:

Наган бязьлітасна ўзьняты,

Раптоўны спалах, стрэлу гук,

Твае сыны прырэчаны да страты,

Ляжаць у зямлі, нібы каменьняў брук.

Не пакаяньня чын яны чакаюць

Нашчадкаў ідэйных тых, хто страляў.

Твае сыны без супакою спачываюць,

Бо іх у тую ноч ніхто не адпяваў.

У безназоўных іх магілах

Спяць ненароджаныя пакаленьні,

Паэзіі няісны скарб на белых крылах,

Душы народнае спадзевы й маленьні.

Жыцьцё задзьмуўшы яркі зьніч,

Ня здолела згасіць чырвоная навала

Вашай душы ахвярны кліч,

Што ў сэрцы полымем гарыць трывала!

Нагадаем, што ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года НКВД у Менску забілі звыш 130 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі: літаратараў, навукоўцаў, дзяржаўных дзеячоў, сярод якіх Алесь Дудар, Тодар Кляшторны, Міхась Чарот, Міхась Зарэцкі ды інш.

Сёняшнія лукашэнкаўска-пуцінскія ўлады спрабуюць завяршыць пачатае іх ідэйнымі натхняльнікамі, незаконна зменшылі ахоўную зону Курапатаў, даўшы дазвол на будаўніцтва ў растрэльным урочышчы рэстарацыйна-забаўляльнай установы, пазней камунальнымі службамі былі панішчаныя ўсталяваныя беларусамі крыжы, а тыя, хто змагаецца за мэмарыял, падвяргаюцца рэпрэсіям.

У свой час Івашын правёў журналісцкае расследаванне карупцыйнай схемы будаўніцтва рэстарацыі ў Курапатах, выявіўшы ўсю схему і злачынцаў сярод чыноўнікаў і бізнэсоўцаў. Уладальнік забаўляльнай установы спрабаваў адпрэчыць высновы журналіста і спагнаць з яго маральную кампэнсацыю за «рэпутацыйныя страты», падаўшы пазоў у суд. Аднак нават лукашэнкаўскі «суд» прызнаў, што расследаванне было напісана на падставе праўдзівай несупярэчлівай інфармацыі, аформлена ў выглядзе меркавання і ахоўваецца правам на свабоду слова і цалком не задаволіў пазоў рэстаратара да Івашына.