Вашай увазе каляндар круглых і юбілейных датаў Гарадзеншчыны на лістапад 2022 году.

1 лістапада

У лацінскім абрадзе сьвята Усіх Сьвятых.

155 гадоў таму (1867) – У Варшаве памерла Матыльда Бучынская (нар. у 1811 г.), уладаньніца маёнтку Дабраўляны (Смаргонскі р-н), вядомая сваёй дабрачыннай дзейнасьцю ў Вільні. Пахавана на варшаўскіх могілках Павонзкі.

2 лістапада

Дзяды, дзень памінаньня памерлых.

25 гадоў таму (1997) – Сябры Лідзкай гарадзкой арганізацыі ТБМ ў гарадзкім парку ўсталявалі крыж на магіле ўдзельніка паўстаньня 1863 г. ксяндза Адама Фалькоўскага. Празь некалькі дзён крыж быў зьнесены ўладамі.

245 гадоў таму (1777) – На Наваградчыне нарадзіўся Фартунат Жулкоўскі, актор, драматург, удзельнік вызвольнага паўстаньня 1794 г.

15 гадоў таму (2007) – У Санкт-Пецярбургу памерла Аўгіньня Кавалюк, паэтка, перакладчыца. Жыла і працавала ў Латвіі, Санкт-Пецярбургу. Нараджэнка в. Стральцы (Мастоўскі р-н).

3 лістапада

140 гадоў таму (1882) – У засьценку Акінчыцы (Стаўпецкі р-н, цяпер у межах Стоўпцаў) нарадзіўся Якуб Колас, народны паэт Беларусі. Бываў на Гарадзеншчыне: у Ваўкавыску (1939 г.), Бярозаўцы (Лідскі раён, 1946, 1950, 1954), Наваградку (1946, 1950 гг.).

5 лістапада

100 гадоў таму (1922) – Адбыліся першыя выбары ў польскі сойм, у які беларусы правялі 14 сваіх прадстаўнікоў.

6 лістапада

160 гадоў таму (1862) – У фальв. Якушоўка (Сьвіслацкі р-н) памёр Віктар Каліноўскі, гісторык, археограф, адзін зь ідэолягаў паўстаньня 1863 году. Пахаваны ў Сьвіслачы.

110 гадоў таму (1912) – У фальварку Мачульня (Наваградчына) нарадзіўся Віктар Войтанка (на эміграцыі Віктар Васілеўскі), дзеяч самакіраваньня, БКА, у 1943 г. працаваў лекарам у Слоніме, медык, праваслаўны сьвятар, дзеяч эміграцыі (Нямеччына, ЗША).

8 лістапада

390 гадоў таму (1632) – Каралём Рэчы Паспалітай і Вялікім князем ВКЛ абраны Уладзіслаў Ваза (кіраваў да 20.5.1648).

9 лістапада

205 гадоў таму (1817) – У в. Вялікі Жванчык (Хмяльніцкая вобл. Украіна) памёр Раймонд Корсак, паэт, удзельнік паўстаньня 1794 г. Нараджэнец в. Жукоўшчына (Дзятлаўскі р-н).

80 гадоў таму (1942) – Каля Барысава гестапаўцамі расстраляны Генрык Глябовіч, рэлігійны дзеяч, сьвятар, тэолаг. Пазьней беатыфікаваны. Нараджэнец Гародні.

11 лістапада

85 гадоў таму (1937) – На Салавецкіх астравах НКВД расстраляны (ці 3.11.1937), Максім Бурсевіч, дзеяч заходнебеларускага руху, актывіст Грамады. Нараджэнец в. Чамяры (Слонімскі р-н).

13 лістапада

130 гадоў таму (1892) – У в. Лаша (Гарадзенскі р-н) нарадзіўся Язэп Троська (сапр. Дудзюк, загінуў пасьля 1930 г. у савецкіх турмах), беларускі гісторык, краязнавец, педагог.

80 гадоў таму (1942) – Памёр Уладзіслаў Талочка, беларускі рэлігійны і культурна-асьветніцкі дзеяч, культуролаг, гісторык, літаратуразнавец. Нараджэнец Гародні. Пахаваны ў Вільні на могілках Роса.

14 лістапада

130 гадоў таму (1892) – У в. Ярэмічы (Карэліцкі р-н) нарадзіўся Міхаіл Лойка, беларускі эканаміст, географ, матэматык.

15 лістапада

210 гадоў таму (1812) – Каля Ваўкавыску адбыўся бой паміж французкім і расейскім войскамі (доўжыўся два дні).

35 гадоў таму (1987) – У в. Яглевічы (Івацэвіцкі р-н) памёр Рыгор Зыбайла, беларускі палітычна-вайсковы дзеяч, старшыня Слонімскай акруговай Беларускай Народнай Самапомачы ў 1941-42 гг.

16 лістапада

Дзень Маці Божай Вострабрамскай – апякункі Беларусі.

40 гадоў таму (1982) – У Менску памёр Андрэй Макаёнак, драматург, народны пісьменьнік Беларусі. У 1945-46 гг. жыў і працаваў у Гародні. Пахаваны на менскіх Усходніх могілках.

18 лістапада

85 гадоў таму (1937) – НКВД расстраляны Адам Бычкоўскі (нар. у 1889 г. у фальв. Талочкі на Сакольшчыне), беларускі грамадзка-культурны дзеяч. Адзін з заснаваньнікаў Гарадзенскага гуртка беларускай моладзі.

15 гадоў таму (2007) – У Менску памёр Віктар Роўда, беларускі харавы дырыжор, педагог. Пахаваны на менскіх Усходніх могілках. Нараджэнец Смургоняў.

19 лістапада

95 гадоў таму (1927) – У в. Ваўчкі (Слонімскі р-н) нарадзіўся Міхась Ракевіч, удзельнік патрыятычнага падполля 1946-47 гг. у Заходняй Беларусі, вязень савецкіх турмаў і канцлягероў.

15 гадоў таму (2007) – У Дэтройце (ЗША) памёр Язэп Сажыч, дзеяч беларускай эміграцыі (ЗША), старшыня рады БНР з 1982 па 1997. Нараджэнец в. Гарадэчна (Наваградзкі р-н).

20 лістапада

100 гадоў таму (1922) – У Клецку нарадзіўся Уладзімер Кісель, удзельнік падпольнай арганізацыі Саюз Змаганьня за Незалежнасьць Беларусі, вязень савецкіх канцлягераў і турмаў.

21 лістапада

85 гадоў таму (1937) – У Чабаксарах (Чувашская АССР) НКВД расстраляны Павал Каравайчык, беларускі культурны дзеяч, пісьменьнік. Нараджэнец мяст. Любча (Наваградзкі р-н).

22 лістапада

5 гадоў таму (2017) –У Наваполацку памёр Алесь Пугачоў, беларускі юрыст, выкладчык, удзельнік моладзевага беларускага руху ў Гародні ў канцы 1980-ых-пачатку 1990-ых гг.

23 лістапада

360 гадоў таму (1662) – Граматай вялікага князя Жыгімонта Аўгуста забаронены вываз солі праз Гародню за Нёман.

25 лістапада

15 гадоў таму (2007) – У ЗША памёр Кастусь Мярляк, беларускі грамадзка-культурны-рэлігійны дзеяч, дзеяч БНР у эміграцыі (Італія, Аргентына, ЗША). Нараджэнец в. Дзетамля (Наваградзкі р-н). Пахаваны на могілках у Іст-Брансьвіку.

27 лістапада

30 гадоў таму (1992) – У ЗША памёр Алесь Карповіч (нар. у 1908 г. на Гарадзеншчыне), беларускі кампазітар, музыкант, музыказнавец.