
Дзяржпрапаганда штораз даказвае, што для сваіх мэтаў яна можа выкарыстоўваць усё і ўсіх. І нават смерць чалавека не вызаваляе яго ад ганьбы, калі ён аднойчы ўжо паўдзельнічаў у стварэнні мітаў, каштоўных для рэжыма Лукашэнкі.
Днямі білборд насупраць будынкаў па вул. Будзёнага, у адным з якіх знаходзіцца Генеральны кансулат РП ў Гародні, з’явілася выява Эміля Чэчкі.
Эміль Чэчка — жаўнер-дэзерцір, які збег у Беларусь з Польшчы ў снежні 2021 года, а пасля на дзяржаўных тэлеканалах РБ і падчас прэс-канферэнцыі расказваў пра «масавыя забойствы мігрантаў» польскімі жаўнерамі і нават свой удзел у гэтых «злачынствах. Яго словы нічым не былі пацверджаныя, а супраць самога Чэчкі ў Польшчы была распачатая крымінальная справа за дэзерцірства. Раней ён быў засуджаны да 6 месяцаў арышту за збіццё ўласнай маці. А сам Эміль праз тры месяцы пасля ўцёкаў быў знойдзены павешаным у менскай кватэры ў сакавіку 2022. Следства нібы не выявіла факту забойства, Чэчка быў пахаваны на менскіх могілках, бо паводле заявы прадстаўнікоў нейкага ноўнэйма, які ганарыста называе сябе праваабарончы цэнтр «Системная правозащита», сваякі Эміля нібы «не выйшлі на сувязь», «Польская амбасада адмовілася ад супрацоўніцтва» і цела ніхто не запатрабаваў.
Але навошта губляць такі каштоўны для прапаганды матар’ял? Можна выкарыстаць яго і пасля смерці хаця б для ўнутранага спажыўца, бо замежныя грамадзяне і СМІ да такога сумнеўнага «прадукту» асаблівага інтарэсу не выявілі.
Прапагандысты стварылі і змясцілі на білбордах выяву Эміля Чэчкі з правакатыўным подпісам па-польску “Mam czyste sumienie. A ty?” («Я маю чыстае сумленне. А ты?»). Даволі дзіўным выглядае зварот чыйгосьці да сумлення з боку чалавека, які здзейсніў адно крымінальнае злачынства і, не адбыўшы за яго пакаранне, учыніў чарговае, дэзертаваўшы з войска, а памёр паводле не высветленых да канца абставінаў, магчыма, забіўшы самога сябе. Але, верагодна, прапагандыстам асабліва няма з каго выбіраць герояў для сваіх сюжэтаў.
Чарговая хваля антыпольскай гістэрыі ў Гародні ахапіла будынак Генеральнага кансулата. Спачатку мясцовыя праўладныя актывісты зладзілі каля яго дзіўны паводле мэты і зместу мітынг «супраць палітыкі Польшчы ў дачыненні да Беларусі», а цяпер насупраць будынка стаіць білборд з выявай Чэчкі. Раней такія білборды заўважалі ў памежнай зоне ля беларуска-польскай мяжы. Але напэўна патрэбнага дзяржпрапагандзе эфекту не здабылі, таму аўтары вырашылі перамясціцца бліжэй да, так бы мовіць, адрасатаў свайго паслання, хоць сам зварот зразумець таксама даволі цяжка.