
Рэдакцыя выдання «Новы Час» апублікавала ліст да аднаго з сваіх аўтараў Дзяніса Івашына, які, імаверна, амбасада Нямеччыны даслала ня толькі гарадзенцу, але і ўсім увязненным журналістам з нагоды заснаванага Генасамблея ААН у 2013 годзе Міжнароднага дня спынення беспакаранасці за злачынствы супраць журналістаў (адзначаецца 2 лістапада). Аднак упэўненасці ў тым, што пасланне патрапіць да адрасатаў, у дыпламатаў няма, пра што кіраўнік аддзелу прэсы Крысціян Зіпман і напісаў у суправаджальным звароце да галоўнага рэдактара «Новага Часу» Аксаны Колб, які прыклаў да копіі ліста Дзянісу Івашыну.
Сам тэкст віншавальнага ліста палітвязням-журналістам утрымлівае цвёрдую веру ў невінаватасці працаўнікоў незалежных беларускіх СМІ, якіх неправамерна ўтрымліваюць за кратамі.
Таксама нямецкая амбасада нагадвае так званым «беларускім уладам» пра тыя абавязальніцтвы, якія яны ад імя краіны-члена ААН абяцаліся выконваць, а насамрэч нахабна парушаюць. І гэтыя дзеянні ў лісце недвухсэнсоўна называюцца рэпрэсіямі. З вуснаў дыпламатаў падобныя негатыўныя ацэнкі даводзіцца чуць даволі рэдка, што сведчыць аб адназначнасці такога меркавання і ўзгодненасці гэтай пазіцыі з калегамі з іншых дзяржаваў.
Супрацоўнікі амбасады Нямеччыны выказалі ад імя ўсяго нямецкага народу павагу ўвязненным беларускім журналістам і нагадалі пра патрабаванне неадкладнага вызвалення ўсіх, каго затрымалі несправядліва «улады» РБ.
«Адсутнасць Вашага журналісцкага голасу з болем адчуваецца ў беларускім грамадстве» – піша Крысціян Зіпман у сваім лісце Дзянісу Івашыну, і з гэтым тэзісам, як і з цэлым тэкстам паслання ад нямецкай амбасады складана не пагадзіцца.

