
У Ваўкавыску свята пройдзе пад дэвізам «Страны моей минувшая судьба»
Дзяржаўным ідэаолагам РБ ніяк не да адпачынку. Толькі адышлі жарсці па Хэлоўіну, які трэба было кляйміць як “чуждую” культуру, як на носе свята Вялікай Акцябраскай сацыялістычнай рэвалюцыі. І тут ужо трэба распінацца якая гэта вялікая дата ў нашай гісторыі. З гэтай гісторыі ўжо добра вядома, колькі новых незлічоных бедаў і трагедый прынёс бальшавіцкі пераварот 1917 году ў Расеі самым расейцам і многім іншым народам. Але лукашэнкаўскім ідэолагам трэба зараз ухваляць ленінска-сталінскі генацыд і этнацыд на прасторах былога Савецкага саюзу. І Беларусь тут наперадзе ўсіх.
Зараз дзяржаўныя ідэолагі вылузваюцца са скуры, каб даводзіць насельніцтву Беларусі, што Кастрычніцкая рэвалюцыя ў Расеі – ледзь не самая светлая дата ў гісторыі Беларусі. “Масавыя” святкаванні з “культурным” агра-трэшам на Гарадзеншчыне пройдуць чамусці не 7 лістапада, у дзень таго перавароту 1917 году, а 4 -га лістапада. Хутчэй усяго таму, што гэтую дату якраз святкуюць у Расеі.
Так што зараз ідзе цэлы спабор паміж раёнамі Гарадзеншчыны, хто выявіць большую адданасць ідэалам “Велікага акцябра”. Мерапрыемствы ўжо анансаваныя у Лідзе, Ваўкавыску, Зэльве, Дзятлаве. Трэба меркаваць што не адстануць і іншыя раённыя цэнтры.


