
2 лістапада ў судзе Кастрычніцкага раёна Гародні было разгледжана пытанне аб замене “хіміі” Святаславу Лепешаву, засуджанаму за каментары, якія “распальвалі варожасць” да расейцаў, і тэлефанаванне прапагандысту Канстанціну Прыдыбайлу. Ягоную справу разглядаў суддзя Уладзімір Пазняк. Лепешаву ўзмацнілі рэжым і цяпер ён у турме чакае этапу ў калонію.
Праваабаронцам стала вядома, што ў мужчыны пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем. За час знаходжання ў “папраўчай установе” праз цяжкую працу там, якая яму супрацьпаказаная, у яго пачаў пагаршацца зрок. Акрамя гэтага, пасля затрымання супрацоўнікамі ГУБАЗіКа 28 ліпеня за лайк у фэйсбуку ў 2020 годзе, яго ўдарылі галавой — праз гэта сітуацыя з вачыма пагоршылася. Лекары паставілі яму дыягназ — дыябетычная рынапація, яму пачалі лячэнне лазерам, але ў сувязі з узмацненнем рэжыму яго прыйшлося перапыніць. Мужчыну можа пагражаць слепата і інваліднасць.
Нагадаем, МГС 12 жніўня 2021 года асудзіў 48-гадовага Лепешава да чатырох гадоў “хіміі” за пагрозу забойствам супрацоўніку RT Прыдыбайлу з RT (арт. 186 КК) і распальванне нацыянальнай варожасці ў адносінах да рускіх (арт. 130 КК). Лепешаў убачыў нумар тэлефона Прыдыбайла ў «Чорнай кнізе Беларусі”, патэлефанаваў яму і сказаў: «Табе піздз*ц». У час суда стала вядома, што ў мэтах бяспекі адыёзнага прапагандыста тады перавезлі ў амбасаду Расеі ў Менску. Следчыя таксама знайшлі перапіскі Лепешава на парталах «Обсуждай» і «Спрашивай», дзе ён пісаў, напрыклад, такія выразы як «добры маскаль — мёртвы маскаль».
28 ліпеня гэтага года Лепешава затрымлівалі ў Гародні, дзе ён адбываў пакаранне ў гарадзенскім ПУАТ № 24. Сілавікі апублікавалі “пакаяльнае” відэа з ім.