Міграцыйны крызіс працягваецца. 154 замежнікі спрабавалі ў суботу нелегальна трапіць у Польшчу праз мяжу з Беларуссю.

Яшчэ адна група перайшла памежную раку Свіслач, падобныя спробы былі і на Бугу, – паведамляе Памежная служба Польшчы ў зводцы за мінулыя суткі.

Апошнім часам памежныя рэкі – гэта месцы, дзе ўсё часцей робяцца спробы перайсці мяжу з Беларусі ў Польшчу. Так за мінулыя суткі 29 чалавек, у т.л. грамадзяне Камеруна, Конга, Нігерыі і Марока, пераплывалі Свіслач непадалёк ад памежных заставаў у Баброўніках і Крынках на Падляшшы. Праз Буг перайшлі 16 грамадзянаў Егіпту і Сірыі.

Як адзначае Памежная служба, гэтыя дзеянні праводзіліся пры падтрымцы вайскоўцаў Беларусі. Сталёвай агароджы на памежных рэках, пабудаванай на 186 км сухапутнай мяжы, няма, але на гэтых участках таксама будзе дзеіць т. зв. электронны бар’ер працягласцю 202 км. Першы 35-кіламетровы ўчастак электроннай аховы будзе ўведзены ў эксплуатацыю пасля 11 лістапада.

З 1 ліпеня на Падляшшы дзеіць забарона набліжацца да польска-беларускай мяжы на адлегласць менш за 200 метраў, якую выдаў ваявода. Забарона дзейнічае да канца лістапада на тэрыторыі ўсяго ваяводства, за выняткам участкаў мяжы, якія праходзяць па рэках.